Віцебшчына: Фармаваньне акруговых камісяў прайшло ў паўзакрытым рэжыме
Фармаваньне акруговых камісіяў па выбарах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на Віцебшчыне прайшло ў паўзакрытым рэжыме. На сумеснае паседжаньне аблвыканкама і прэзідыюма аблсавета не дапусьцілі ні недзяржаўных журналістаў, ні проста грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Міліцыянтам-ахоўнікам далі два спісы прозьвішчаў людзей, якія ўдзельнічалі ў паседжаньні ці якім было дазволена прысутнічаць у зале. З прадстаўнікоў прэсы запрашэньне наведаць мерапрыемства атрымалі карэспандэнты Віцебскага абласнога тэлерадыёкамітэту, БелТА і двух выданьняў аблвыканкама і аблсавета – газэтаў “Віцебскі рабочы” ды “Народнае слова”.
Дакладны час паседжаньня, якое, дарэчы, распачалося толькі а 16-ай гадзіне, высьветліць было цяжка. Чыноўнікі ўхіляліся ад адказаў на адпаведныя пытаньні актывістаў дэмакратычных партыяў. У выніку жадаючыя папрысутнічаць на фармаваньні акруговых камісіяў вымушаныя былі з’явіцца на пачатку працоўнага дня і чакаць, калі ж ім дакладна скажуць пра час мерапрыемства.
На паседжаньне прыехалі прадстаўнік БХК Васіль Бераснеў з Воршы і карэспандэнт газэты “Товарищ” Мікалай Петрушэнка з Коханава. Таксама хацелі папрысутнічаць на мерапрыемстве незалежны журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін і – у якасьці прадстаўніка грамадскасьці – незалежны журналіст Вадзім Баршчэўскі. Былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР М.Петрушэнка і ВС Рэспублікі Беларусь Валеры Шчукін абыйшлі шмат кабінетаў, каб атрымаць дазвол трапіць на паседжаньне, але ў выніку атрымалі адмову. Чыноўнікі спачатку спасылаліся на адсутнасьць у іх заданьняў ад канкрэтных СМІ, а пасьля таго, як па факсу такое заданьне было падцьверджаным, – на адсутнасьць афіцыйнай акрэдытацыі пры аблвыканкаме і аблсавеце.
Пасля гэткай адмовы заставалася толькі напісаць скаргу ў Кнігу заўваг і прапаноў, якая пасля ваганьняў была ўсё ж такі прад’яўленай. Скаргу ад імя ўсіх, каго не дапусьцілі, напісаў М.Петрушэнка.
Вельмі цяжка было даведацца і пра вынікі фармаваньня камісіяў, бо працоўны дзень скончыўся, і тэлефоны чыноўнікаў маўчалі.
У 14 акруговых камісіяў Віцебскай вобласьці, агульны склад якіх – 182 чальцоў, трапілі 18 прадстаўнікоў палітычных партыяў. З іх 2/3 складаюць чальцы прапрэзідэнцкіх Аграрнай партыі і КПБ. Са спісу АДС ўвайшлі па 2 прадстаўніка БСДП (Грамада) і ПКБ ды адзін сябра ПБНФ. А менавіта Наталля Качанава – БСДП (Г), Чыгуначная №1; Міхаіл Гіль – БСДП (Г), Пастаўская №29; Любоў Шчадрова – ПКБ, Полацкая №28; Сцяпан Белы – ПКБ, Сенненская №30; Васіль Саланенка – ПБНФ, Глыбоцкая №22. акрамя таго па партыйнаму спісу АГП у склад камісіі быў уключаны Юдаў – Мёрская №24.
Як лічаць экперты, тое, што ў складзе акруговых камісіяў будуць прадстаўнікі апазыцыі, аніякай ролі не адыграе, бо галоўныя маніпуляцыі адбываюцца на ўчастках.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”