Віцебскі праваабаронца Левінаў арыштаваны на 10 сутак
Пастанова пра арышт была вынесена яшчэ 26 траўня: суд прызнаў прадстаўніка БХК вінаватым у дробным хуліганстве.
Цягам амаль двух месяцаў спадар Левінаў спрабаваў аспрэчыць судовы вырак — давесьці сваю невінаватасьць і тое, што пастанова выносілася з парушэньнямі: яе не зачыталі ў ягонай прысутнасьці. Паводле праваабаронцы, увесь гэты час супрацоўнікі Першамайскага РАУС рабілі захады, каб гвалтам даставіць яго пад арышт: дзяжурылі каля ягонай кватэры і адсочвалі ягоныя перасоўваньні па горадзе. Сёньня Паўла Левінава прывезьлі ў пастарунак са шпіталя. На шпітальны ложак ён трапіў учора з пракуратуры, дзе адбылося ягонае чарговае сутыкненьне зь міліцыянтамі.
Нагадаем, што судзьдзя Чыгуначнага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прызнала прадстаўніка БХК у Віцебскай вобласьці Паўла Левінава вінаватым нібыта ў нецэнзурнай лаянцы на адрас супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманьні 27 сакавіка. Тады праваабаронца спрабаваў трапіць у кватэру да журналіста Вадзіма Баршчэўскага, дзе праводзіўся ператрус. Апрача арышту, спадару Левінаву быў прысуджаны штраф памерам 20 базавых велічынь, або 700 тысяч рублёў — паводле абвінавачваньня ў непадпарадкаваньні міліцыянтам.