viasna on patreon

Журналіст – адвакат інтарэсаў сваіх чытачоў

2008 2008-07-16T18:59:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Беларусь у гэтым выпадку не з’яўляецца выключэннем з правілаў. Пытанне толькі ў тым, якую менавіта ролю адыгрываюць беларускія СМІ ў выбарчай кампаніі. Пра гэта

прэс-служба БАЖ вядзе гутарку з медыя-экспертам Алесем Анціпенкам.

БАЖ: — Спадар Анціпенка, вы маеце досвед маніторынгу беларускіх сродкаў масавай інфармацыі падчас выбарчых кампаній 2001, 2004 і 2006 гадоў. Ці можаце адзначыць галоўныя тэндэнцыі і адметныя рысы дзейнасці беларускіх СМІ напярэдадні выбараў?

Алесь Анціпенка (А.А.): — Калі спасылацца на мінулы досвед маніторынгу дзейнасці СМІ падчас выбарчай кампаніі, то агульная тэндэнцыя — маргіналізацыя тэмы выбараў. Выбары не былі ў цэнтры ўвагі сродкаў масавай інфармацыі, яны разглядаліся як неістотная з’ява, у якой няма інтрыгі, а вынікі вядомыя наперад. Прынамсі гэта тычылася выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. Тая ж тэндэнцыя была характэрнай для парламенцкіх выбараў 2004 года. Інфармацыя аб кандыдатах, правілах запаўнення бюлетэняў была даступная, з большага, толькі на выбарчых акругах.

Беларускія СМІ падчас выбарчай кампаніі не ствараюць роўных магчымасцяў для ўсі­х кандыдатаў. У нас увогуле адсутнічаюць дэбаты. Дэбаты ў СМІ — важная частка выбарачай кампаніі, бо гэта жывая дынамічная сувязь, якая дае магчымасць пабачыць чалавека і кандыдата, які рэагуе на спантанныя сітуацыі. На жаль, гэты жывы элемент асвятлення выбараў у нас адсутнічае.

Калі гаварыць пра дзяржаўныя медыя — электронныя і друкаваныя, — у іх пераважае пазітыўнае адлюстраванне кандыдатаў ад улады і стварэнне негатыўнага вобразу апазіцыі.

БАЖ: — Але ж пазітыўнае адлюстраванне дзейнасці кандыдатаў у той жа ступені характэрна для недзяржаўных медыя. На старонках незалежных беларускіх выданняў падчас выбараў можна знайсці тую ж прапаганду — толькі на карысць апазіцыйцым палітыкам. Чаму вы робіце адкцэнт менавіта на дзяржаўных сродках масавай інфармацыі?

А.А.: — Дзяржаўныя медыя атрымліваюць грошы з бюджэту. Таму можна сказаць, што гэта грамадскія сродкі масавай інфармацыі. А падчас выбараў грамадскія СМІ, на маю думку, маюць абавязкі перад выбаршчыкамі (бо з іх падаткаў і падтрымліваюцца медыя).

Яны мусяць строга прытрымлівацца правіла роўных магчымасцяў для кандыдатаў. Гэта азначае, што ўсе кандыдаты мусяць атрымліваць роўны час, роўную плошчу ў дзяржаўных медыях. Кандыдаты мусяць мець права на адказ, калі журналісты ці іншыя кандыдаты зрабілі памылку, калі кандыдат не пагаджаецца з іх аргументамі. У гэтым выпадку кожны з удзельнікаў выбарчай кампаніі павінен мець магчымасць выкласці контраргументы, давесці свой погляд. Гэты элемент асвятлення выбарчай кампаніі фактычна адсутнічае ў дзаржаўных медыях.

Да медыяў, якія з’яўляюцца бізнес-праектамі, мы не можам апеляваць, бо гэта — прыватная справа. Яны маюць права прадаваць эфірны час альбо газетную плошчу, і гэта не іх абавязак — прадастаўляць роўныя магчымасці. Камерцыйныя медыя больш вольныя ў адбудове сваёй інфармацыйнай палітыкі падчас выбарчай кампаніі.
Але гэта не азначае, што ў рэальнасці яны з’ўляюцца агентамі ўплыву аднаго кандыдата. Яны зацікаўленыя ў тым, каб пашырыць свае аўдыторыі, бо гэта, безумоўна, падвышае рэйтынг медыяў.

Але і ў выпадку з партыйнай прэсай, як і з бізнес-выданнямі, дзейнічае толькі звычайны набор журналісцкіх правілаў — кодэкс журналісцкай этыкі.

БАЖ: — Гаворачы пра журналісцкую этыку, трэба адзначыць, што дзейнасць СМІ падчас выбарчай кампаніі на Захадзе, напрыклад, рэгулюецца асаблівымі прапісанымі правіламі. Што гэта за правілы?

А.А.: — Ёсць цэлы набор стандартаў, важных для асвятлення выбарчай кампаніі. Гэтыя стандарты добра вядомыя на Захадзе. Выданні мусяць падаваць погляды кандыдатаў карэктна, ясна, не зацямняючы сутнасць, не працуючы на аднаго кандыдата. Яны павінны данесці да чытачоў погляды розных кандыдатаў, партый. Падчас выбарчай кампаніі СМІ павінны быць бесстароннімі, устрымлівацца да каментароў і ўласных ацэнак.

Яны мусяць больш уважліва ставіцца да таго, каб ясна паведамляць чытачу, у якім жанры пададзены матэрыял — каментар ці інфармацыя. Абавязак выдання — адукаваць выбаршчыкаў. Выбаршчыкі мусяць ведаць, дзе і калі яны будуць галасаваць, як выглядае працэдура, як дзейнічаюць выбаркамы, як адбываецца назіранне за выбарамі…

БАЖ: — Карэктнасць, роўныя ўмовы, бесстароннасць — гэта, канешне, добра, але шмат хто з нашых калегаў лічаць такія паводзіны раскошай, недасягальнай для тых, хто існуе ў беларускай рэчаіснасці.

А.А.: — Ёсць шэраг правілаў, якія не трэба тлумачыць журналістам тых краін, дзе існуюць традыцыі свабодных і роўных выбараў. Але і ў нас журналісты і выданні не павінны мець карт-бланш на ігнараванне правілаў і прафесійных стандартаў. Бо тады дзейнасць выдання можа мець дачыненне да прапаганды, а не да прафесійнай журналістыкі.

Калі вы хочаце даведацца, ці працуюць у тым ці іншым выданні прафесійныя журналісты, пачытайце яго падчас выбараў. Бо журналіст, які можа захапіць чытача разважаннямі аб хрызантэмах, гэта не журналіст. Пісаць пра хрызантэмы лёгка. Цяжка пісаць аб тым, што можа патрабаваць выбару. Аб прафесійнасці журналіста можна казаць тады, калі ён змог пазбегнуць спакусы пераконваць сваіх чатачоў у слушнасці таго выбару, які ён зрабіў для сябе. Пазгбегнуць спакусы стаць на чыйсці бок — тым больш на бок улады. Трэба памятаць, што журналіст — перадусім адвакат інтарэсаў сваіх чытачоў і тых каштоўнасцяў, якія называюцца дэмакратычнымі.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства