Алесь СЕРГІЕНКА: “Яны выламалі ўваходныя дзверы і нават не прадставіліся”
Адным з затрыманых пасля выбуху ў ноч з 3 на 4 ліпеня стаў актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Алесь Сергіенка. Пасля двух сутак знаходжання ў турме Камітэта дзяржаўнай бяспекі Алеся выпусцілі на волю. Аб падрабязнасцях свайго затрымання і знаходжання за кратамі апазіцыйны актывіст распавёў карэспандэнту "Народнай волі".
– Затрыманне праходзіла па ўсіх законах жанру, – расказвае Алесь. – У кватэру, дзе я быў разам з братам Міколам, уварваліся байцы спецпадраздзялення "Альфа". Таго самага падраздзялення, якое займаецца барацьбой з тэрарыстамі. Яны выламалі ўваходныя дзверы, а таксама дзверы, якія вялі ў адзін з пакояў кватэры. Мы з братам і апамятацца не паспелі, як ляжалі ў кайданках тварам у падлогу...
– Што шукалі ў кватэры?
– Людзі, якія праводзілі вобыск, запрасілі ў кватэру панятых, а самі пры гэтым не прадставіліся. Не ведаю, што канкрэтна шукалі, але падчас вобыску забралі некалькі старых шклянак з-пад фарбы, дзе ляжалі цвікі і гайкі. Акрамя таго, з кватэры забралі камп'ютэр, які, праўда, пасля майго вызвалення вярнулі.
– Куды вас адвезлі пасля затрымання?
– У КДБ. Там адбыўся допыт. У мяне пыталіся, дзе я быў у тую злашчасную ноч. Я давёў, што на канцэрт 3 ліпеня не хадзіў і да выбуху ніякага дачынення не маю. Шчыра кажучы, пасля затрымання я рыхтаваўся да моцнага псіхалагічнага ціску з боку супрацоўнікаў КДБ. Але, грашыць не буду, у дачыненні да мяне ніякага псіхалагічнага ціску не было, усё праходзіла спакойна.
– Але ж вы апынуліся ў "амерыканцы"...
– Так. І гэтыя двое сутак, што я там прасядзеў, былі, бадай, самымі цяжкімі. З-за невядомасці і няўпэўненасці ў тым, што будзе далей. За ўвесь час, што сядзеў у адзіночнай камеры, мяне толькі аднойчы выклікалі на допыт. Размова была нейкай туманнай. Дадаць да раней сказанага мне не было чаго. Я ізноў расказаў, што на канцэрт не хадзіў. Вось і ўсё. Дарэчы, я здагадваўся, што затрыманы не я адзін. Праўда, ні з кім з затрыманых убачыцца не давялося.
– Калі зразумелі, што вас збіраюцца выпусціць?
– Калі ў камеру прыйшлі і паведамілі, што мне трэба сабраць рэчы і ісці на волю. Праўда, перад вызваленнем я даў падпіску аб нявыездзе і распісаўся ў паперы аб неразгалошванні тайны следства. Так што я пакуль застаюся ў статусе падазронага ў крымінальнай справе, якая была распачата пасля выбуху. Кампетэнтныя органы могуць выклікаць мяне ў любы момант.
– Алесь, на вашу думку, чаму пад ударам апынуліся актывісты апазіцыі?
– Мы аказаліся закладнікамі сітуацыі. Пасля разносу, які ўчыніў Аляксандр Лукашэнка, людзям, якія адказваюць за расследаванне здарэння, трэба было прадставіць справаздачу аб зробленай працы. Ад іх чакалі хуткага выніку. Вось мы пад гарачую руку і трапілі...