Бабруйскія дэмакраты ў акруговыя камісіі не патрапілі
Увайсьці ў склад аруговых выбарчых камісій у якасьці назіральнікаў выказалі жаданьне некалькі бабруйскіх дэмакратычных актывістаў, - шляхам збору подпісаў. Тым не менш, ніводзін з іх туды не прайшоў.
Так, напрыклад, ад Бабруйскай-Ленінскай выбарчай акругі № 78 у склад камісіі патрапілі прадстаўнік БРСМ, сябра КПБ, сябра “Беларускага саюза жанчын”, сябра ГА “Белая Русь”, сябра партыі працы і справядлівасьці, сябра Беларускага грамадскага аб’яднаньня ветэранаў. Акрамя іх у камісіі будуць працаваць шэсьць чалавек, якія прайшлі туды ад выбаршчыкаў, шляхам падачы заявы і адна прадстаўніца працоўнага калектыва школы.
Падобная сітуацыя па Бабруйскай-Першамайскай акрузе № 79. У камісію ўвайшлі ўсё тыя ж сябры БРСМ, ГА “Белая Русь”, Беларускага саюза жанчын і партыі працы і справядлівасьці. Іх “разбавілі” сябра Беларускага грамадскага аб’яднаньня ветэранаў, зноў жа шэсьць чалавек ад выбаршчыкаў, і два чалавекі ад працоўных калектываў, - “Бабруйскага тралейбуснага упраўленьня” і аддзела адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна.
Ад Бабруйскай сельскай акругі № 80 у склад камісіі зноў патрапілі сябры БРСМ, Беларускага грамадскага аб’яднаньня ветэранаў, а адна з сябраў будзе прадстаўляць адначасова Беларускі саюз жанчын і працоўны калектыў Бабруйскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Увогуле, у гэтай акруговай камісіі больш прадстаўнікоў працоўных калектываў, чым у іньшых. Агулам - чатыры чалавекі, якія акрамя вышэйзгаданай жанчыны прадстаўляюць Каменскую дзяржаўную дапаможную школу-інтэрнат, сярэднюю школу-каледж мастацтваў і аўтатранспартнае прадпрыемства “Аўтамабільны парк № 15”. Сем чалавек прайшлі ад выбаршчыкаў, шляхам падачы заявы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”