Барысаў: Непамятлівы палкоўнік
У панядзелак, 21 ліпеня, акруговай выбарчай камісіяй па Барысаўскай гарадской акрузе №62 была зарэгістраваная ініцыятыўная група па зборы подпісаў па вылучэньні ў кандыдаты ў дэпутаты Віктара Гумінскага. А у сераду, 23 ліпеня, газета "Адзінства", заснавальнікам якой з'яўляецца Барысаўскі райвыканкам, апублікавала зварот да выбаршчыкаў дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Віктара Гумінскага.
З тэксту звароту зразумела, што гэта справаздача перад выбаршчыкамі. Палкоўнік Гумінскі - у газеце апублікаваная яго фатаграфія ў ваеннай форме, хоць ён ужо восем гадоў не служыць у войску - піша ў сваім звароце: "Магу дакласьці галоўнае: перадвыбарныя абавязаньні мною выкананыя".
Верагодна, за даўнасьцю гадоў палкоўнік забыўся, што менавіта было напісана ў яго перадвыбарчай праграме, памножанай падчас мінулай выбарчай кампаніі чатыры гады назад. Тады Гумінскі сьцвярджаў, што "у Рэспубліцы Беларусь неабходна ўдасканаліць законы, накіраваныя на павышэньне дабрабыту нашых людзей, каб … ніхто не замахваўся на ільготы ветэранаў і інвалідаў вайны, працы і Узброеных Сілаў, воінаў інтэрнацыяналістаў, інвалідаў дзяцінства, ліквідатараў аварыі на ЧАЭС".
Нагадаем, што Віктар Гумінскі прагаласаваў 27 траўня 2007 за законапраект "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзян", “дзякуючы” якому пенсіянеры, студэнты, ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай АЭС, інваліды (у тым ліку інваліды дзяцінства) пазбавіліся мінімальнай сацыяльнай падтрымкі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"