Бабруйск: Асуджаны кандыдат у дэпутаты Аляксандр Чыгір
Сёньня ў Бабруйску быў вынесены прысуд Аляксандру Чыгіру, які зьбіраецца прыняць удзел у выбарах у якасьці кандыдата ў дэпутаты па Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе. Нягледзячы на несупадзеньні ў паказаньнях сведкаў, і той факт, што ён быў зьбітым супрацоўнікамі міліцыі, грамадскага актывіста прызналі вінаватым у тым, што ён быццам бы пашкодзіў аўтамабіль таксі, і збіў кіроўцу. Прысуд – два штрафы па 30 базавых і дзесяць сутак арышту.
Суддзя Аляксей Клімаў паведаміў, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі – прымяненьне фізічнай сілы і спецсродкаў, былі прызнаны правамернымі. У сваю чаргу, Аляксандру Чыгіру было адмоўлена ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў адносінах да супрацоўнікаў праваахоўчых органаў. Па закону зараз Чыгір мае права на працягу пяці сутак абскардзіць прысуд ў абласном судзе, чым ён і зьбіраецца скарыстацца. Сябры яго ініцыятыўнай групы працягваюць збіраць подпісы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”