Вылучэнцы ад апазыцыі скардзяцца ў ЦВК
Удзельнікі парлямэнцкай выбарчай кампаніі ад накіравалі ў Цэнтральную выбарчую камісію каля дзясятка скаргаў на парушэньні заканадаўства. Канкрэтныя факты — у паведамленьнях зь рэгіёнаў.
Пухавіцкая акруговая выбарчая камісія № 73 адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы актывістцы руху супраць будаўніцтва хімічнага заводу расейскай фірмы “Август” Тацяна Рысевец. Спадарыня Рысевец зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне ў ЦВК, а таксама рыхтуе скаргу пра перасьлед трох сябраў яе ініцыятыўнай групы:
“Калі тры чалавекі выбываюць, то 23 — застаюцца. Але на паседжаньні камісіі такое пачалося: “І навошта нам гэта патрэбна! А ў нас столькі працы! Не, і ўсё!” Такога, каб пагражалі людзям, каб іх змушалі... Будзем, будзем скардзіцца”.
Акрамя Тацяны Рысевец, адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў атрымалі дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Вячаслаў Герасіменка, Аляксандар Скрабец —брат вядомага палітыка Сяргея Скрабца, кіраўнік Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Вінаградаў, Пётар Кузьняцоў са стваранай Партыі свабоды і прагрэсу, якому адмовілі ў Цэнтральнай выбарчай акрузе Гомеля.
У Цэнтравыбаркаме паведамілі, што паседжаньне, на якім будуць разгледжаныя гэтыя скаргі, заплянавана на 31 ліпеня.
МАГІЛЁЎ
У Магілёве пяць сябраў ініцыятыўнай групы актывіста Свабоднага прафсаюза Беларускага Сяргея Фаміна выклікалі на гутарку супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.
Пра допыты трох сябраў ініцыятыўнай групы Сяргея Фаміна “Свабода” ўжо паведамляла. 24 ліпеня Тацяну Буланаву, Аксану Закрэўскую ды Сяргея Лапуціна дапытаў супрацоўнік КДБ Юры Жукаў.
Імёны яшчэ двух дапытаных сяброў сваёй ініцыятыўнай групы Сяргей Фамін называць пакуль устрымліваецца:
“Ціск ідзе на людзей, якія працуюць. Яны баяцца праблемаў. Яны працуюць на дзяржаўным прадпрыемстве. Пры нашай сыстэме кантрактнай могуць і не тлумачыць, могуць не падоўжыць кантракт, і ўсё. Я лічу, што той вынік, на які разьлічваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, — часткова яны яго дасягнулі. То бок запалохаць людзей, якіх можна запалохаць”.
Сяргей Фамін ня першы раз удзельнічае ў выбарчай кампаніі:
“Калі ў 2004 годзе таксама быў ціск на сяброў маёй ініцыятыўнай групы, нават групу не рэгістравалі, то цяпер менавіта пасьля рэгістрацыі групы ўжо пяцёх выклікалі ў КДБ альбо пагутарылі на працы. На мой погляд, яны папросту вырашылі на этапе збору подпісаў адхіліць як наймацнейшага кандыдата, які можа сябе супрацьпаставіць кандыдату ад улады”.
ГЛЫБОКАЕ
У межах тэрыторыі Глыбоцкай выбарчай акругі № 22 — часткі былой Заходняй і Ўсходняй Беларусі. Прэтэндэнт у дэпутаты Яраслаў Берніковіч паведамляе, што ва Ўшачах на ўсходзе міліцыянты пачалі затрымліваць зьбіральнікаў подпісаў:
“На Глыбоччыне мы стапталі ногі, ходзячы ад кватэры да кватэры. А Ўшаччына — раён няходжаны. Там у дзічыну, што людзі ходзяць і зьбіраюць подпісы. Мажліва, што гэта выклікае нейкую непрыязнасьць. Таксама ціснулі на сябраў маёй каманды. З-за гэтага адзін зь іх, які працуе майстрам, адмовіўся працаваць у ініцыятыўнай групе. Зрабіў гэта пасьля таго, як да яго наведаўся начальнік мясцовага аддзяленьня КДБ”.