Крычаў: Дэмакратычныя актывісты маглі ўзарваць бомбу ў Менску з-за асабістай крыўды?
Такую думку выказаў, са словаў начальніка УГРО Крычаўскага РАЎС спадара Чупрына, намесьнік старшыні Крычаўскага райвыканкаму спадар Сяргей Марозаў падчас размовы з незалежным прэтэндэнтам у кандыдаты ў дэпутаты спадаром Гердзеем.
На думку С. Марозава спадары Няроўны, Гердзей і Кудраўцаў маглі пакрыўдзіцца з нагоды таго, што ў жніўні мінулага года яны падавалі заяўку на правядзеньне пікета ў падтрымку Аляксандра Казуліна, але ўлада ім адмовіла, і яны маглі затаіць у сябе злобу і ўзарваць бомбу ў Менску 3 ліпеня.
З гэтай нагоды незалежны прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Сяргей Няроўны быў выкліканы на размову ў Крычаўскі РАЎС. Размову праводзіў оперупаўнаважаны УГРО Крычаўскага РАЎС Зьміцер Сідарэнка ў прысутнасьці маладога чалавека ў цывільным, які быў прадстаўлены спадаром Сідарэнка як курсант МУС.
“Задаваўся шэраг пытаньняў з гэтай нагоды: дзе быў 3 ліпеня, ці ёсьць алібі (сьведкі, што быў у Крычаве), як дазнаўся пра выбух і што думаю з гэтай нагоды, - гаворыць Сяргей Няроўны, - На наступны дзень супрацоўнік міліцыі прыходзіў да маіх суседзяў і пытаўся, ці скандалю я, ці выпіваю, якія ў мяне ўзаемаадносіны з жонкай і г.д”.
Па падобнаму сцэнару разгортваліся падзеі і зь іншым прэтэндэнтам у кандыдаты ў дэпутаты Мікалаем Гердзеем. Зь ім размову вёў начальнік УГРО Крычаўскага РАЎС Станіслаў Чупрын. Пытаньні былі таксама прысьвечаны выбуху, плюс ці служыў у войску, ці ведае падрыўную справу і г.д. Супрацоўнік міліцыі таксама наведаў і суседзяў спадара Гердзея, якім задаваў такія ж самыя пытаньні, што і суседзям спадара Няроўнага.
“Да мяне таксама прыходзіў супрацоўнік міліцыі Зьміцер Сідарэнка, - гаворыць грамадзкі актывіст Уладзімер Кудраўцаў, - Ён узяў у мяне тлумачэньне з нагоды выбуху, а таксама запытаў мяне ці маю я зброю.”
“Міліцыя заявілася да мяне і астатніх дэмакратычных актывістаў, - гаворыць Сяргей Няроўны, - літэральна на другі дзень пасьля таго, як я падаў заяву ў акруговую выбарчую камісію аб рэгістрацыі маёй ініцыятыўнай групы. Мы лічым, што гэта псіхалягічны ціск на нас і нашыя семьі і ўжо з гэтай нагоды напісалі заяву ў Пракуратуру Крычаўскага раёна”.
Дэмакратычныя актывісты адзначаюць, што вэрсыя з тым, што яны маглі пакрыўдзіцца на ўладу за тое, што ім адмовілі ў правядзеньні пікета год назад, не вытрымлівае крытыкі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”