У Гародні КДБ перасьледуе прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты
30 ліпеня каля 11-й гадзіны гарадзенскім прадстаўнікам партыі БНФ Вадзіму Саранчукову і Сяргею Антусевічу (абодва ёсьць сябрамі сойму БНФ) патэлефанавалі на мабільныя тэлефоны супрацоўнікі УКДБ па Гарадзенскай вобласьці. Абодвум запрапанавалі зьявіцца ў мясцовае аддзяленьне КДБ.
Вадзім Саранчукоў на тэлефанаваньне супрацоўніка КДБ, які не прадставіўся, сказаў, што да панядзелка ён ня мае часу на такую сустрэчу. Сяргей Антусевіч паведаміў, што ён зможа прыйсьці ў Гарадзенскае УКДБ 31 ліпеня а 10-й гадзіне. Фармальна прадстаўнікоў партыі БНФ выклікаюць з мэтай узяць тлумачэньні наконт выбуху ў Менску 3 ліпеня. Але фактычна адбываецца перасьлед актывістаў за ўдзел у выбарах. Нагадаем, што Вадзім Саранчукоў зарэгістраваў ініцыятыўную групу па Гарадзенскай-Занёманскай выбарчай акрузе, а Сяргей Антусевіч – па Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе. Абодва перакананыя, што ўлада чыніць псіхалагічны ціск і імкнецца перашкодзіць ім эфектыўна весьці выбарчую кампанію.
Стала вядома, што аналагічнае тэлефанаваньне было Сяргею Мальчыку, старшыні абласной партыйнай арганізацыі БНФ. Яго выклікалі на сустрэчу сёньня на дзьве гадзіны дня.
“Правабаронцы за свабодные выбары”