viasna on patreon

У журналіста з Ліды ўзялі адбіткі пальцаў

2008 2008-08-01T16:44:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

30 ліпеня ў галоўнага рэдактара газеты Таварыства беларускай мовы «Наша слова» (Ліда), сябра ГА «БАЖ» Станіслава Судніка ўзялі адбіткі пальцаў па справе аб выбуху ў Мінску 4 ліпеня. Яго выклікалі ў мясцовае аддзяленне КДБ, дзе задавалі «дзяжурныя пытанні».

Сп. Суднік тлумачыць цікавасць да сваёй асобы з боку супрацоўнкаў КДБ тым, што 3 ліпеня быў у Мінску і ўдзельнічаў у Сойме Партыі БНФ, сябрам якой з’яўляецца. С. Суднік ставіцца да гэтага выпадку спакойна. «Ёсць аператыўная работа — хай робяць», — зазначыў ён у гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ».

Дагэтуль прадстаўнікі спецслужбаў ужо дапытвалі па справе аб выбуху журналістаў недзяржаўнай маланакладнай газеты «Вольны горад» (Крычаў) Сяргея Няроўнага, Мікалая Гердзія і заснавальніка выдання Уладзіміра Кудраўцава. Ператрусы ладзіліся ў кватэры сябры ГА «БАЖ» Ніны Шыдлоўскай, а таксама па месцы прапіскі Міхаіла Шарамета - мужа сябры Праўлення БАЖ Алёны Шарамет (М. Шарамета трымалі ў ізалятары КДБ 3 дні). Па інфармацыі Радыё Рацыя, у ліпені супрацоўнікі праваахоўных органаў дапыталі таксама журналістаў з Чэрыкава і Клімавічаў Сямёна Панізоўцава і Сяргея Аржанцава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства