Чым бліжэй выбары, тым мацнейшы ўціск
З набліжэннем парламенцкіх выбараў у Беларусі ўзмацняецца ўціск на ўдзельнікаў выбарчай кампаніі і ўвогуле на дэмакратычных актывістаў з боку як праваахоўных органаў, гэтак і фінансавай выведкі ды падаткавых інспекцыяў.
Улады прэсінгуюць дэмакратаў па ўсёй краіне, прычым з самай рознай нагоды. Так, у Пухавічах на амаль два мільёны рублёў аштрафаваны грамадскі актывіст Сяргей Абразоўскі, якому інкрымінавалі арганізацыю яшчэ 27 чэрвеня несанкцыянаванага мітынгу супраць будаўніцтва заводу па вытворчасці пестыцыдаў наўпрост ля пасёлку Дружны.
Гарадзенскім актывістам Партыі БНФ Вадзіму Саранчукову і Сяргею Антусевічу, якія да таго ж з’яўляюцца сябрамі сойму ПБНФ, патэлефанавалі на мабільныя тэлефоны супрацоўнікі Упраўлення КДБ па Гарадзенскай вобласці і прапанавалі з’явіцца ў мясцовае аддзяленне КДБ.
Фармальна апазіцыянераў выклікаюць з мэтай узяць тлумачэнні па выбуху ў Мінску ўноч на 4 ліпеня, але фактычна, на думку актывістаў, адбываецца іх пераслед за ўдзел у выбарчай кампаніі, бо Саранчукоў і Антусевіч ужо афіцыйна зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы. Абодва палітыкі перакананыя, што ўлада чыніць псіхалагічны ціск і імкнецца перашкодзіць ім эфектыўна весці кампанію па выбарах. Аналагічнае тэлефанаванне было і старшыні абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргею Мальчыку.
Прэтэндэнтцы ў кандыдаты ад “Еўрапейскага спісу”, дэмакратычнай актывістцы з Бабруйску Таісіі Кабанчук, якая працуе кладаўшчыцай на мясцовай птушкафабрыцы, пагражаюць звальненнем з працы.
Выпадкі палітычнага пераследу
Двойчы за дзень на Гарадзенскім чыгуначным вакзале быў затрыманы і падвяргаўся асабістаму дагляду гарадзенскі грамадскі актывіст і праваабаронца Віктар Сазонаў. Нічога забароненага Віктар Сазонаў з сабой не вёз, а сваё затрыманне патлумачыў палітычным пераследам за актыўны ўдзел у бягучай выбарчай кампаніі і за праваабарончую дзейнасць. Да таго ж, Віктара Сазонава выклікалі ў мясцовае ўпраўленне КДБ нібыта па справе выбуху ў Мінску 4 ліпеня. З гэтай жа нагоды ў КДБ выклікалі моладзевага актывіста, сябра АГП і “Маладога фронту” Алега Корбана, а таксама актывіста Магілёўскай філіі гэтай арганізацыі Расціслава Панкратава.
Працягваецца ціск на сябраў ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты з Глыбокага, сябра Партыі БНФ Яраслава Берніковіча. Двох сябраў яго ініцыятыўнай групы выклікалі ў міліцыю для таго, каб яны пакінулі адбіткі пальцаў, а таксама здалі аналіз сьліны, а ва Ўшачах міліцыянты пачалі затрымліваць збіральнікаў подпісаў за вылучэнне Берніковіча кандыдатам у дэпутаты парламента.
Фінкантроль - у першых шэрагах
Але найбольш актыўна за апазіцыю ўзяліся фінансавыя органы. Алразу пасля таго, як стала вядома пра ініцыятыву праваабаронцаў ладзіць маніторынг выбарчае кампаніі, іх ды чальцоў іх ніх сем’яў пачалі выклікаць у падаткавыя інспекцыі.
Камітэт фінансавых расследаванняў Магілёўскай вобласці патрабуе ад прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ад апазіцыі тэрмінова прадставіць дэкларацыі аб даходах. Гэта тычыцца каля дзесятка дэмакратычных актывістаў, у тым ліку старшыні донарскай няўрадавай арганізацыі “Кропля жыцця” Ігара Каваленкі ды старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Шанцава.
А старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку накрыла ўжо трэцяя хваля фінансавых праверак. Напачатку гэта былі падаткавая інспекцыя і Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю, а цяпер – ізноў падаткавая інспэкцыя Цэнтральнага раёну сталіцы.
Але самае цікавае, што падаткавікі зацікавіліся фінансава-гаспадарчай дзейнасцю Еўраатлантычнай асацыяцыі, якую кольвеч ачольваў Лябедзька і якая была зліквідаваная Мінюстам яшчэ каля дзесяці гадоў таму. Па словах лідэра АГП, праз збор дакументаў і наведванні ўдзельнікамі выбарчага працэсу фінансавых і кантрольных органаў губляецца шмат часу, які адрываецца ад непасрэднай працы з выбаршчыкамі: “А па-другое, гэта фактар псіхалагічнага ўздзеяння. Ну, на мяне дзе сеў, там і злезеш у гэтай сітуацыі, а вось для некаторых, хто ўпершыню ў гэтай кампаніі, гэта нервуе, гэта нервуе таксама і членаў іх сям’і”.
Парушэнні – справа пракуратуры
Да фактаў пераследу ўдзельнікаў выбарчай кампаніі Цэнтравыбаркам, паводле словаў яго сакратара Мікалая Лазавіка, ставіцца “натуральна, адмоўна. Хаця, чытаючы сайты некаторых паліыткаў, бачыш, што часцяком з мухі робяць слана. Але, з іншага боку, калі пра гэта заяўляюць палітычна нейтральныя вылучэнцы, мы абураемся, і калі паступаюць такія заявы, мы проста перадаем іх у пракуратуру для таго, каб у адпаведнасці з заканадаўствам былі зробленыя адпаведныя захады”.
Што да дзеянняў уладаў дачынна актывістаў выбарчае кампаніі, то, на думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, тут “дзейнічае інерцыя беларускай рэпрэсіўнай машыны, бо, па вялікім рахунку, здаецца, што левая рука тут не ведае, што робіць правая. То бок, няма такой каардынацыі, таму што “зверху” нібыта ёсць жаданне трохі болей карэктна, цывілізавана правесці выбары, але парадыгма дзеянняў уладаў такая, што ўсё адно - дзе можна прыціснуць, там трэба прыціскаць”.