Бабруйск: Таісію Кабанчук звольнілі з працы
Бабруйскую актывістку Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Таісію Кабанчук звольнілі з працы.
Таісія Кабанчук працавала кладаўшчыцай Бабруйскага складу Баранавіцкай птушкафабрыкі. Учора кіраўніцтва птушкафабрыкі даслала факсам у Бабруйск копію загаду аб яе звальненьні за прагулы. Актывістка лічыць, што яна звольненая праз правакацыі загадчыцы склада Ганны Таркан, зь якой у яе ня склаліся працоўныя адносіны.
Сёньня Тасія Кабанчук выйшла на працу, бо палічыла, што пакуль яна не азнаёмленая з загадам і не расьпісалася пад ім – яна застаецца працаваць кладаўшчыцай. Загадчыца складу паводле спадарыні Кабанчук, убачыўшы яе, адразу выклікала міліцыянта, каб тыя выдварылі яе са складу. На дадзены момант міліцыянт апыталі актывістку.
Таісія Кабанчук з’яўляецца прэтэндэнткай на мандат дэпутата Палаты прадстаўнікоў.