Падаткавікі пачынаюць комплексную праверку дзейнасці БХК
5 жніўня ў другой палове дня ў офіс “Беларускага Хельсінкскага камітэту” прыйшлі два супрацоўнікі інспекцыі Маскоўскага раёну Менску па падатках і зборах -- В.Г. Дзяшковіч і Д.В. Саракапыт. Мэтай свайго візіту яны назвалі правядзенне па-запланавай комплекснай праверкі бухгалтарскай дакументацыі, а таксама руху фінансавых сродкаў БХК. Падаткавікоў цікавіла: адкуль ў арганізацыі бяруцца сродкі на арэндную плату і камунальныя выдаткі, якія аплочваюцца праваабаронцамі.
Пры гэтым правяраючыя адзначылі, што ініцыятыва правядзення праверкі належыць не самой раённай падаткавай інспекцыі, а такое распараджэнне да іх паступіла “зверху”.
Паколькі падчас наведвання падаткавікамі ў офісе адсутнічала кіраўніцтва “Беларускага Хельсінкскага камітэту”, праверка не была распачатая. Па выніках візіту быў складзены “Акт абследвання (агляду) рухомай і нерухомай маёмасці, памяшканняў і тэрыторый, дзе могуць знаходзіцца аб’екты, якія падлягаюць падаткаабкладанню ці выкарыстоўваюцца для прыдбання даходу (прыбытку)”. Інспектары перад сыходам паведамілі, што праверка пачнецца, калі з’явіцца кіраўніцтва арганізацыі.
Сёння, 6 жніўня, супрацоўнікі інспекцыі Маскоўскага раёну звязаліся са старшынёй БХК Алегам Гулаком і запрасілі сустрэцца дзеля ўручэння адпаведнага прадпісання.
Алег Гулак лічыць, што правядзенне комплекснай праверкі дзейнасці БХК падаткавымі органамі менавіта зараз, падчас выбарчай кампаніі, прадпрымаецца з мэтай адцягнуць сілы праваабаронцаў ад правядзення маніторынгу выбараў. Старшыня БХК таксама адзначае, што гэта ўспрымаецца як частка агульнай кампаніі па дыскрэдытацыі дэмакратычных структураў, і праваабаронцаў у прыватнасці. Не выключае праваабаронца, што праверка ажыццяўляецца і з мэтай запалохвання актывістаў арганізацыі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”