Штрафы за подпісы
У Гарадку на некаторых прадпрыемствах на тыдзень забіраюць пашпарты, каб людзі не змаглі аддаць свой подпіс за дэмакратычнага кандыдата.
Аляксандр Мілінкевіч наведаў 6 жніўня Гарадок і Віцебск, дзе ўдзельнічаў у працы ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за дэмакратычных актывістаў, якія маюць намер балатавацца ў Палату прадстаўнікоў.
Па словах Леаніда Гаравога, каардынатара ініцыятыўнай групы Леаніда Аўтухова, у Гарадку таксама назіраецца ціск на людзей, за праўладных кандыдатаў збіраюць подпісы на прадпрыемствах, і пры гэтым гавораць людзям, каб больш ні за каго не падпісваліся. Акрамя таго, на некаторых прадпрыемствах горада забіраюць на тыдзень пашпарты, і такая сітуацыя характэрная для малых гарадоў па ўсёй краіне.
Выбаршчыкі Віцебскай сельскай выбарчай акругі аддалі за Леаніда Аўтухова ўжо каля тысячы подпісаў.
У Віцебску Аляксандр Мілінкевіч наведаў Смаленскі рынак, дзе таксама збіраў подпісы. Увесь час за ім хадзіла галоўны кантралёр рынку і некалькі разоў дала штрафы тым прадаўцам, якія падпісаліся за Аляксея Гаўруцікава.