Праваабаронцы пад прыгнётам
У Беларусі ўзмацняецца ўціск на праваабаронцаў. Пра гэта было заяўлена на прэзентацыі гадавой справаздачы, падрыхтаванай Абсерваторыяй па абароне правоў праваабаронцаў.
У той час, як становішча праваабаронцаў значна пагаршаецца ў Еўропе і асабліва на тэрыторыі краінаў былога Савецкага Саюза, Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека і Сусветнай Арганізацыі супраць катаванняў, апублікавала рускую версію часткі сваёй гадавой справаздачы за 2007 год, прысвечаную гэтаму рэгіёну.
Паводле словаў сябры Рады Усясветнай Арганізацыі супраць катаванняў Цінацін Хізашэлі, праз 60 гадоў пасля прыняцця Ўсеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і напярэдадні дзесятых угодкаў Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах, гэтая новая гадавая справаздача ёсць пацверджаннем тэндэнцыі, якая назіраецца на працягу некалькіх апошніх гадоў: рэпрэсіі супраць праваабаронцаў узмацняюцца:
“Гэтая справаздача, на жаль, паказвае пагаршэнне сітуацыі. Дзесяць гадоў пасля прыняцця гэтай Дэкларацыі яна з кожным годам робіцца горш і горш”.
Табу на рэгістрацыю
Як адзначаецца ў справаздачы, беларускія ўлады працягваюць адмаўляць у рэгістрацыі праваабарончым арганізацыям, якія такім чынам застаюцца на нелегальным становішчы, што істотна абмяжоўвае поле іх дзейнасці і зніжае эфектыўнасці іх праграмаў. На сёння ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваная толькі адна праваабарончая структура – Беларускі Хельсінскі камітэт. Адсутнасць афіцыйнай рэгістрацыі ставіць бальшыню беларускіх праваабаронцаў пад пагрозу быць прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці паводле артыкула 193 Крымінальнага кодэксу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Санкцыі гэтага артыкулу прадугледжваюць пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі. Як адзначыў юрыст Валянцін Стэфановіч, пакуль улады робяць выгляд наладжвання дыялогу з Еўропаю, крымінальны пераслед не практыкуецца:
“Але усе правабаронцы, якія працуюць, могуць стаць патэнцыйнымі ахвярамі, яны, можна сказаць, з’яўляюцца закладнікамі знешнепалітычнай сітуацыі, пры пагаршэнні якой яны могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці”.
У той жа час, як адзначаецца ў справаздачы, беларускія ўлады не выконваюць абавязацельствы, узятыя на сябе краінай у межах ратыфікацыі міжанродных дакументаў па абароне правоў чалавека. Так, яшчэ ў ліпені мінулага году Камітэт ААН па правах чалавека разгледзеў справу праваабарончага цэнтру “Вясна”, зліквідаванага ў 2003 годзе, і абавязаў беларускія ўлады зарэгістраваць гэтую арганізацыю, зрабіўшы захады да спынення парушэнняў свабоды асацыяцыяў. Нягледзячы на гэта, Міністэрства юстыцыі адмовілася рэгістраваць “Вясну”, а Вярхоўны Суд Беларусі падтрымаў рашэнне чыноўнікаў.
Перадвыбарчае абвастрэнне
Напярэдадні парламенцкіх выбараў, паводле словаў віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, менавіта праваабаронцы сталі першымі, хто зведаў уціск дзяржаўнай машыны: “Пасля нашага абвяшчэння маніторынга парламенцкіх выбараў у справу была падключаная падаткавая інспекцыя, а адпаведны механізм гэтых падаткавых праверак пачаўся з праваабаронцаў”.
У апошні час некалькі разоў падвяргаўся адміністратыўнаму арышту віцебскі праваабаронца Павел Левінаў, у КДБ некалькі разоў дапытвалі гомельскага каардынатара БХК Алеся Яўсеенку, улады рэгулярна пераследуюць гарадзенскага праваабаронцу Віктара Сазонава. На дзяржаўным тэлебачанні, у інфармацыйным агенцтве БЕЛТА і ў рэгіянальных дзяржаўных мас-медыях, па словах Алеся Бяляцкага, вядзецца мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі беларускіх праваабаронцаў. Усе названыя факты будуць адлюстраваныя ў новых справаздачах, якія будуць рабіць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
“Тое, што да падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі, ёсць увага міжнароднай супольнасці, ёсць пэўнай зарукаю таго, што пра нас не забудуць. І калі таварыш Лукашэнка хоча наладжваць кантакты з Еўрапейскім Саюзам, то ён павінен падумаць, што яму трэба зрабіць, каб гэтыя кантакты сапраўды наладзіць”.