36 ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў з "еўрапейскага спісу" сабралі патрэбны мінімум подпісаў
У Еўрапейскую кааліцыю ўваходзяць аргкамітэты па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і Партыі свабоды і прагрэсу, а таксама міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Малады фронт", зарэгістраванае ў Чэхіі. На час выбарчай кампаніі "Малады фронт" прыпыніў сваё членства ў кааліцыі. У "еўрапейскі спіс" уваходзяць удзельнікі Еўрапейскай кааліцыі, прадпрымальнікі, а таксама прадстаўнікі апазіцыйных партый рознай скіраванасці, якія падтрымліваюць еўрапейскі шлях развіцця Беларусі.
М.Статкевіч паведаміў, што подпісы збіраюць 63 ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў з "еўрапейскага спісу". 29 з іх прадстаўляюць аргкамітэт БСДП (Народная Грамада), 8 — аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу, 20 — індывідуальныя прадпрымальнікі, астатнія — прадстаўнікі розных апазіцыйных партый. Усяго ў зборы подпісаў прэтэндэнтаў з "еўрапейскага спісу" бяруць удзел каля 2.300 чалавек. Увогуле яны сабралі больш як 60 тысяч подпісаў.
Паводле слоў М.Статкевіча, падчас вылучэння кандыдатаў былі зафіксаваныя "прыклады ўціску як на прэтэндэнтаў з "ўрапейскага спісу", гэтак і на выбрашчыкаў, каб яны не ставілі свае подпісы за дэмакратычных кандыдатаў". "Напрыклад, прадстаўнік "еўрапейскага спісу" з Наваполацка вымушаны быў адмовіцца ад удзелу ў выбарах пасля пагрозы звальнення. У Гродне некалькіх кандыдатаў запрашалі для размовы ў КДБ", — паведаміў палітык.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе доўжыцца па 18 жніўня, рэгістрацыя будзе праходзіць з 19 па 28 жніўня.