Ці можна зараз пісаць пра кандыдатаў у прэсе?
Перыяд агітацыі за кандыдатаў яшчэ не пачынаўся, а назіральнікі за выбарамі ўжо фіксуюць выпадкі патэнцыйных парушэнняў – у асноўным гаворка ідзе пра заўчасную схаваную агітацыю.
Гэтак, беларускія незалежныя назіральнікі за выбарамі зафіксавалі падобныя выпадкі ў Горках, Гомелі, Магілёве, Оршы, Баранавічах і іншых гарадах Беларусі. Прычым, у асноўным гаворка ідзе пра публікацыі ў дзяржаўнай прэсе.
Між тым, «пад раздачу» трапляюць, як правіла, недзяржаўныя СМІ. 5 жніўня ў Гродна міліцыянты забралі 6 нераспакаваных пачкаў «Народнай волі» ў актывістаў АГП, якія збіралі подпісы ў падтрымку свайго кандыдата Яраслава Раманчука. Як мяркуюць актывісты, газеты будуць правяраць на наяўнасць агітацыйных матэрыялаў. Кіраўніцтва рэдакцыі «Народнай волі» сцвярджае, што ніякай агітацыі ні за каго з кандыдатаў выданне не публікавала.
«У нас ўсе публікацыі вострыя, усе публікацыі праблемныя і, вядома, крытычныя. Нават калі браць апошні нумар, у якім мы друкуем апытанне “Што будзе рабіць апазіцыя, калі будуць і далей парушацца яе правы?”. Канешне, улады адчуваюць, што гэта пытанне з боку рэдакцыі як быццам бы правакацыйнае. Але ж мы – журналісты, мы высвятляем меркаванне людзей… Таму што там і каму не спадабавалася — нам да лямпачкі. Мы выдаем газету і не парушаем ніякіх законаў», — заявіў галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч у гутарцы з прэс-службай БАЖ.
Хто вырашае, дзе ёсць парушэнні выбарчага заканадаўства, а дзе – няма? Што робіць нядаўна ўтвораная пры ЦВК Назіральная рада, закліканая сачыць у тым ліку і «за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарнай агітацыі ў СМІ»? На гэтую тэму прэс-служба ГА «БАЖ» пагутарыла з сакратаром ЦВК Мікалаем Лазавіком.
Прэс-служба БАЖ: — Ці лічыцца факт публікацыі станоўчай інфармацыі пра яшчэ не зарэгістраванага кандыдата, за якога толькі ідзе збор подпісаў, парушэннем выбарчага заканадаўства?
М. Лазавік: — Калі ў публікацыі ідзе гаворка проста пра нейкага грамадзяніна — без згадкі пра тое, што ён з’яўляецца патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты і без агітацыі галасаваць за яго, і калі гэтая інфармацыя не распаўсюджваецца сябрамі яго ініцыятыўнай групы пры зборы подпісаў, то ў гэтым цяжка ўгледзець парушэнне выбарчага заканадаўства.
Прэс-служба БАЖ: — Гэта тычыцца СМІ ці ўлётак таксама?
М. Лазавік: — Калі агітацыйныя друкаваныя матэрыялы, у тым ліку ўлёткі, будуць раздавацца падчас збору подпісаў за кандыдата, то гэта – парушэнне. Але калі іх раздавалі яшчэ да рэгістрацыі ініцыятыўных груп, то іх распаўсюд лічыць парушэннем нельга. Быў выпадак, калі акруговая камісія аб’явіла папярэджанне аднаму з партыйных лідэраў, аднак ЦВК адмяніла яго – менавіта таму, што ўлёткі раздавалі не ў часе збору подпісаў, а яшчэ да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
Прэс-служба БАЖ: —У Пастанове ЦВК аб стварэнні Назіральнай рады гаворыцца, што яе паседжанні склікаюцца «па меры неабходнасці». Калі наступае гэтая «мера»?
М. Лазавік: — Пакуль для склікання рады не было неабходнасці. Практыка такая: з’яўляюцца скаргі, сігналы пра тое, што парушаецца журналісцкая этыка альбо што нейкія публікацыі і выступленні кандыдатаў утрымліваюць элементы паклёпу, знявагі альбо іншых парушэнняў заканадаўства аб СМІ – тады ЦВК перадае Назіральнай радзе гэтыя матэрыялы, і яе ўдзельнікі як людзі дасведчаныя ў заканадаўстве аб СМІ робяць сваё заключэнне… Калі яны вырашаюць, што заканадаўства парушанае, то ЦВК можа разгледзець гэтае пытанне і прымяніць санкцыю да парушальніка. Калі адкрытага парушэння няма і гаворка ідзе проста пра неэтычныя паводзіны, то гэта будзе не санкцыя, а проста парада з боку прафесіяналаў…
Прэс-служба БАЖ: — А як ЦВК ацэньвае выпадкі затрымання і вымання «для праверкі» зарэгістраваных друкаваных выданняў, якія распаўсюджваюцца сябрамі ініцыятыўных груп кандыдатаў?
М. Лазавік: — Калі выданне распаўсюджвалася да выбараў, то і падчас выбараў яно мае права свабодна распаўсюджвацца – калі публікацыі ў ім не ўтрымліваюць вышэйпералічаных парушэнняў заканадаўства аб СМІ і выбарчага.
«Сігналы» пра ўсе канфлікты і непаразуменні ў галіне СМІ – у тым ліку і тыя, што непакояць саміх журналістаў — Мікалай Лазавік раіць накіроўваць у ЦВК, паколькі Назіральная рада — грамадскі орган, і ў яго — прынамсі, пакуль — няма асобнага адрасу альбо кантактнага тэлефона.