viasna on patreon

АГП: аб’яўленьне байкоту пакуль заўчасна

2008 2008-08-10T00:29:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня ў Менску адбыліся зьезды Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі камуністаў беларускай. Дэлегаты зьезду АГП палічылі, што аб’яўленьне байкоту выбарам у дадзены час будзе заўчасным.

Спачатку кіраўнікі абласных арганізацыяў партыі далі сваю ацэнку выбарчай кампаніі. Тут думкі сышліся – адрозна ад мінулых парлямэнцкіх выбараў улады паводзяць сябе больш лібэральна. Праўда, пакуль няма дакладнага адказу на пытаньне: чаму яны так робяць? Гэта сапраўды нейкае зьмякчэньне альбо гульня? І ці трэба ў такой сытуацыі байкатаваць выбары? 

Толькі Ўладзімер Шанцаў з Магілеўшчыны прапанаваў ужо сёньня зьняць з выбарчай гонкі партыйных кандыдатаў. Сваю пазыцыю ён тлумачыць ціскам, які ідзе на іх у рэгіёне. Іншыя рэгіянальныя кіраўнікі казалі пра тое, што пакуль байкот трэба трымаць, як апошні аргумэнт. Іх пазыцыю падтрымаў і лідэр партыі Анатоль Лябедзька:

“Байкот ва ўмовах Беларусі азначае адсутнасьць усякай працы. Гэта магло б зьвесьціся да некалькіх піяр-кампаній – зрабіць расьцяжкі, выйсьці, каб затрымалі і далі 10-15 сутак. Пасьля выехаць у Варшаву ці ў Брусэль і сказаць, якія мы велізарныя змагары. Таму я лічу, што рашэньне АДС удзельнічаць у кампаніі, якія б праблемы не ўзьнікалі, абсалютна правільнае.

Практыка даказвае, што стратэгічна гэтае рашэньне правільнае. Таму што сам байкот, калі яго рэалізоўваць, азначае пастаноўку перад уладай толькі адной праблемы – праблема яўкі выбарнікаў. Патэнцыял, якім валодае дзяржава, сьведчыць, што арганізуюць яўку – нават і 70%, і 80”.

Зьезд вылучыў 13 партыйцаў у якасьці патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Асабліва важным гэтае рашэньне было для Ўладзімера Паклонскага. Нясьвіская акруговая выбарчая камісія не зарэгістравала яго ініцыятыўную групу. І ў спадара Паклонскага сёньняшні з’езд заставаўся апошнім шанцам, каб пазмагацца за дэпутацкі мандат. Астатнія партыйныя вылучэнцы ўжо вядуць збор подпісаў на сваю карысьць. 

Кандыдат у дэпутаты па Жодзінскай выбарчай акрузе Аляксандар Валчанін прапанаваў кіраўніку партыі праехацца па тых рэгіёнах, дзе вылучаюцца сябры АГП:

“Вам патрэбна ўсё ж праехаць па гарадах, сустрэцца са старшынямі саветаў, з кіраўнікамі акруговых выбарчых камісіяў, каб яны адчувалі, што за намі партыя. Усё ж яны адчуваюць, калі ўзьнікае грамадзкі рэзананс.

Я спачатку думаў, што людзі пабаяцца падпісвацца за мяне. Але пачалі падпісвацца. І ў гарвыканкаме начальства ўбачыла, што неадназначная сытуацыя, што за апазыцыянэрам ідуць”. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства