Віцебск: ціск на прэтэндэнта ў кандыдаты ўзмацняецца
Нагадаем, капітан міліцыі, участковы Чыгуначнага РУУС г. Віцебска Андрэй Левінаў зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў для вылучэння ў парламент па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19. Міліцэйскае начальства адразу ж вырашыла прысекчы падобную “самадзейнасць” капітана – пачалася праверка падапечных участковага, якая, аднак, не выявіла парушэнняў. Наступным крокам стала ўзбуджэнне дысцыплінарнай вытворчасці ў сувязі з падпісанымі капітанам Левінавым чатырма справамі аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных справаў. Але праверкі -- гэта даволі працяглы працэс, таму міліцэйскія начальнікі пачалі прадпрымаць больш актыўныя дзеянні.8 жніўня ў 16 гадзінаў у грамадскі пункт аховы парадку №1 Чыгуначнага РУУС Віцебска прыбыла група супрацоўнікаў міліцыі на чале з падпалкоўнікам Пранько (УУС вобласці). Капітан міліцыі Захараў зачыніў знутры дзверы і накінуўся на Андрэя Левінава з крыкамі: ён мяне ўдарыў, адарваў пагон, разарваў кашулю... Адсутнасць рэчавых доказаў: пагона і парванай форменнай кашулі -- капітана не засмуціла.Падпалкоўнік Пранько выклікаў кіраўніцтва райаддзелу. Пасля прыбыцця намесніка начальніка, маёра Шастова, запатрабаваў ад апошняга адхіліць участковага ад службы, а ад самога капітана Левінава – здаць табельную зброю і пасведчанне супрацоўніка міліцыі. Капітан Левінаў адказаў, што ў Пранько няма паўнамоцтваў на выняцце пасведчання і зброі. Але і выканаць інструкцыю ў поўным аб’ёме – здаць зброю аператыўнаму дзяжурнаму РУУС -- не мог, паколькі яго не выпускалі з памяшкання. У гэтай сітуацыі Андрэй Левінаў прыняў рашэнне здаць зброю свайму начальніку маёру Шастову.На наступны дзень капітана Левінава накіравалі на дзяжурства без асабістай зброі. На пытанне ўчастковага, як выконваць функцыянальныя абавязкі без зброі, намеснік начальніка РУУС Шастоў адказаў: “сядзі ў пункце аховы і калупайся ў носе”.“Праваабаронцы за свабодныя выбары”