10 жніўня завяршаецца вылучэньне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў
Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік паведаміў, што, нягледзячы на выходны дзень, мясцовыя выканкамы і адміністрацыі гатовыя прыняць заяўкі на ўключэньне кандыдатаў у склад участковых камісіяў.
У склад участковых выбарчых камісіяў можа ўваходзіць ад 5 да 19 чалавек. Вылучаць прадстаўнікоў у склад камісіяў могуць палітычныя партыі, грамадзкія аб'яднаньні, працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне шляхам падачы заяў.
Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі (АДС) плануюць вылучыць да 1.500 сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў.
Усяго будзе створана 6.485 участковых камісіяў, з іх 287 — у стацыянарных лячэбных установах, 66 — у воінскіх частках. Найбольшая колькасьць участковых камісіяў будзе створаная ў Менскай і Гомельскай абласьцях — 1.125 і 1.121 адпаведна. У Берасьцейскай вобласьці будзе створана 982 участковыя камісіі, у Віцебскай — 948, у Магілёўскай — 839, у Гродзенскай — 775, у Менску — 695.
Па 13 жніўня ўчастковыя камісіі павінны быць утвораныя раённымі, гарадзкімі выканаўчымі камітэтамі і мясцовымі адміністрацыямі.