Магілёў: Ціск на сябраў ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ад ГА БНФ “Адраджэньне”
Пачаўся ціск на сябраў ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты ад ГА БНФ “Адраджэньне” па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 Рыгора Кастусёва. Гэдак, без зразумелых прычынаў супрацоўнікамі КДБ і міліцыі былі дапытаны старшыня выбарчага штабу прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты Рыгора Кастусёва Барыс Вырвіч і Валянціна Шчэтнікава.
“4 жніўня, – гаворыць Барыс Вырвіч, - невядомы патэлефанаваў на нумар майго мабільнага тэлефона, назваўся супрацоўнікаў спецслужбы і прапанаваў сустрэцца. Я яму патлумачыў, што ёсць працэдура, адпаведна якой тыя супрацоўнікі КДБ, якія жадаюць паразмаўляць, афіцыйна дасылаюць позву. Па вяртанні дамоў я дазнаўся ад свайго сына, што да мяне прыязджалі “паліцаі” і шукалі мяне. Пасля абеду супрацоўнікі праваахоўных органаў наведалі мяне зноў. Яны прадставіліся супрацоўнікамі КДБ, але адмовіліся паказваць свае пасведчанні. Адзін з іх назваўся Ігарам Віктаравічам – “куратарам” ад КДБ па Бялыніцкаму раёну. Праз пэўны час падаспелі і ўчастковы міліцыянер Аляксандр Русецкі і эксперт-крыміналіст Бялыніцкага РАУС старэйшы лейтэнант Кірыл Хлус, якія ўзялі ў мяне адбіткі пальцаў. Сваю цікавасць да маёй асобы яны патлумачылі выбухам, які адбыўся ў Менску 3 ліпеня, а так як я сябар апазіцыйнай партыі, то і патрапіў пад падазрэнне”.
У гэты ж дзень патэлефанавалі і Валянціне Шчэтнікавай. “Невядомы прадставіўся мне супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Крымавым. Ён цікавіўся месцазнаходжаннем майго сына, - гаворыць Валянціна, - Я адказала яму, што сын жыве ў іншай краіне, а апошні раз ён наведваў мяне ў 2007 годдзе. На гэтым размова скончылася. На наступны дзень гэты ж супрацоўнік КДБ зноўку патэлефанаваў мне і запрасіў мяне на прыём у КДБ. Пры гэтым ён мяне папярэдзіў, што калі я не прыду сама, то мяне знойдуць і прывядуць”.
“Я пайшла да іх. Таварыш Крымаў прыйшоў з аркушам у руках, на якім былі нейкія дадзеныя з фотаздымкам майго сына. Потым ён пачаў задаваць пытанні ў тым ліку аб траўмах і аперацыі майго сына і аб удзеле яго ў зборнай краіны па футболе. У канцы ён задаў мне дзіўнае пытанне: “Ці не ваюе мой сын у “французскім легіёне”?” Ён сказаў, што сын мой – спартовец і можа знаходзіцца там”.
Барыс Вырвіч і Валянціна Шчэтнікава лічаць дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў незаконнымі і накіраванымі на запалохванне сябраў ініцыятыўнай групы па вылучэнню прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты Рыгора Кастусёва. Аб незаконных дзеяннях супрацоўнікаў КДБ і міліцыі яны ўжо падалі скаргі ў Пракуратуру Магілёўскай вобласці.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”