viasna on patreon

Місія БДІПЧ АБСЕ атрымала пасведчанне міжнародных назіральнікаў

2008 2008-08-11T22:18:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Місія доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ прыбыла 11 жніўня ў Мінск, правяла сустрэчу ў беларускім знешнепалітычным ведамстве і атрымала пасведчанні міжнародных назіральнікаў. Місію ўзначаліў пасол Герт-Хінрых Арэнс (Geert-Hinrich Ahrens). Варта зазначыць, што спадар Арэнс узначальваў місію доўгатэрміновых назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2006 годзе. Пры гэтым нягледзячы на негатыўную ацэнку тых выбараў місіяй БДІПЧ (спадар Арэнс канстатаваў, што "даць станоўчую ацэнку не ўяўлялася магчымым"), кіраўніцтва Цэнтрвыбаркама Беларусі выказала задавальненне фактам прызначэння спадара Арэнса, спаслаўшыся на тое, што ён валодае рускай мовай, з ім можна размаўляць без перакладчыка, яго стыль працы ў Беларусі ўжо ведаюць.

 

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына ўручыла спадару Арэнсу пасведчанне з наступнымі словамі: "Я з задавальненнем уручаю вам пасведчанне за нумарам 31. Трэба было 33 - узрост Ісуса Хрыста... Пасведчанне міжнароднага назіральніка за парламенцкімі выбарамі 4-га склікання".

 

Таксама пасведчанні атрымалі намеснік кіраўніка місіі доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ амерыканка з польскімі каранямі Беата Марцін-Разуміловіч, а таксама не названыя па імёнах аналітык па выбарчым працэсе з Балгарыі і палітычны аналітык - былы пасол Аўстрыі ў Расіі.

 

Размаўляе з кіраўніцтвам місіі БДІПЧ спадарыня Ярмошына зрабіла пэўны камплімент спадару Арэнсу:

 

"Гэта, пэўна, беспрэцэндэнтны, прынамсі ў Беларусі, прыклад, калі адзін і той жа дыпламат двойчы прызначаецца у адну краіну кіраўніком наглядальнай місіі. Гэта гаворыць аб высокім даверы, якія мае да вас асабіста, першым чынам, сама арганізацыя АБСЕ, і натуральна, назіраная краіна".

 

Спадар Арэнс аказаўся небагатым на кампліменты, адзначыў, што краіна яму падабаецца, і падкрэсліў, што ён гэта кажа, не спасылаючыся на палітычны бэкграўнд краіны. Кіраўнік місіі БДІПЧ прапанаваў штотыдзень сустракацца, і ў выніку, "вы не будзеце здзіўляцца таму, што мы будзем гаварыць, а мы не будзем здзіўляцца таму, у чым мы не маем рацыі, калі пачуем вашы словы".

 

Акрамя таго, спадар Арэнс падзякаваў беларускаму знешнепалітычнаму ведамству за той небюракратычны падыход з выдачай візаў. Трэба зазначыць, што мінулым разам васьмі прадстаўнікам місіі БДІПЧ было адмоўлена ў атрыманні візаў.

 

У інтэрв'ю DW-RADIO палітолаг Юры Чавусаў адзначыў, што прыезд місіі БДІПЧ "мае вялікае значэнне, таму што, па сутнасці, гэта тыя, для каго прымае пэўныя палітычныя рашэнні апазіцыя, тыя для каго ўлады карэктуюць звыклы стандарт правядзення выбарчага працэсу".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства