Уладзімір Навасяд: “Для таго, каб выбары прайшлі без фальсіфікацый неабходны давер”
Вынікі выбарчых кампаній, якія праходзяць у Беларусі ўжо даўно не прызнаюцца еўрапейскай супольнасцю. У сваю чаргу беларуская апазіцыя кожны раз наракае на тое, што падлік галасоў праводзіцца са значнымі фальсіфікацыямі і што масавыя фальсіфікацыі адбываюцца менавіта падчас датэрміновага галасавання. Таму “Пагоня” вырашыла пацікавіцца, што трэба зрабіць для таго, каб пазбегнуць магчымых фальсіфікацый на этапе датэрміновага галасавання.
Так старшыня аргкамітэту па стварэнню “Беларускай партыі свабоды і прагрэса” Уладзімір Навасяд лічыць, што “Інстытут датэрміновага галасавання існуе ў многіх краінах свету. Нажаль узровень даверу да прадстаўнікоў участковых выбарчых камісій нізкі. Па той прычыне, што ў іх уваходзяць людзі залежныя ад улады – тыя ж настаўнікі... Датэрміновае галасаванне ў Беларусі не дабраахвотнае, а арганізаванае...
Таму, я думаю, што першае і галоўнае ў гэтым пытанні – допуск у участковыя выбарчыя камісіі, як прадстаўнікоў улады, так і прадстаўнікоў апазіцыі. Для таго, каб выбары прайшлі без фальсіфікацый павінен быць усталяваны давер паміж усімі суб’ектамі, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі. Калі гэтага не адбудзеца і сёлета, то выбарчая кампанія пройдзе па-ранейшых сцэнарах – з падтасоўкамі і фальсіфікацыямі”.