Афіцыйны прафсаюз ня даў прэтэндэнту правесьці сустрэчу з калегамі
Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты па Жодзінскай выбарчай акрузе фэльчар Аляксандар Валчанін зьвярнуўся да кіраўніцтва цэнтральнай гарадзкой лякарні і прафсаюзнага камітэту. Ён папрасіў дапамагчы сабраць калектыў і выкласьці сваю выбарчую праграму, каб калегі па працы вылучылі яго кандыдатам у дэпутаты. Спадар Валчанін працуе ў гэтай лякарні ўжо 25 гадоў, таму і разьлічваў на падтрымку.
Аднак старшыня прафкаму Людміла Галенка даслала Аляксандру Валчаніну адказ, у якім сьцьвярджаецца: “Сябры прафсаюзнага камітэту аднагалосна прагаласавалі адмовіць Вам у арганізацыі і правядзеньні сходу працоўнага калектыву для вылучэньня Вас у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў”. У размове са “Свабодай “ спадарыня Галенка так патлумачыла тое рашэньне:
“Прафсаюзная арганізацыя не павінна ўлічваць інтарэсы аднаго чалавека. Мы не займаемся нейкімі палітычнымі вылучэньнямі. Восьмы год запар мы ні ў якіх палітычных мерапрыемствах ня ўдзельнічаем. Справа ў тым, што калі нават адзін чалавек думае інакш, дык гэта яго права. Але быць ініцыятарамі вылучэньня кандыдатаў — гэта ня наша задача”.
Знаўца выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер тлумачыць: арганізаваць такі сход маюць права толькі два суб’екты — альбо кіраўнік працоўнага калектыву сваім загадам, альбо ня менш за 150 сябраў калектыву, якія паставяць свае подпісы пад гэтым патрабаваньнем. Прафсаюзны камітэт падобных паўнамоцтваў наагул ня мае. Гэта юрыдычны бок справы.
Але ў пісьмовым адказе з прафкаму ёсьць яшчэ і этычны аспэкт:
“І гэта кажа пра іх чалавечыя якасьці. Яны маглі б адказаць, што ў паўнамоцтвы прафкама не ўваходзіць правядзеньне сходу. І гэта было б зразумела. А яны паказалі, так бы мовіць, “вернападданніцтва” перад кіраўніцтвам арганізацыі”.