viasna on patreon

Магілёў: Назіральнікаў падманулі. Паседжанні па стварэнні ўчастковых камісій прайшлі без іх удзелу

2008 2008-08-12T23:57:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“У нядзелю, - гаворыць Зміцер Салаўёў, - я разам з прэтэндэнтам у кандыдаты Рыгорам Кастусёвым заносіў пратаколы па вылучэнні прадстаўнікоў ГА БНФ “Адраджэньне” у ўчастковыя выбарчыя камісіі па выбарчай акрузе №85. У акруговай камісіі мы пыталіся, калі будзе праведзена паседжанне па гэтым пытанні. Нам сказалі, што яшчэ ніхто нічога не ведае. Мы пакінулі свае тэлефоны, і яны абяцалі нам ператэлефанаваць, калі будзе ўсё вырашана. У панядзелак у 8-50 я зайшоў у Ленінскі райвыканкам, каб даведацца, калі будзе паседжанне акруговай выбарчай камісіі. Мне сказалі, што яшчэ рана, ніхто нічога не ведае. Я пайшоў дахаты, і ў 10-00 патэлефанаваў зноў. У камісіі сказалі, што ў іх няма ніякай інфармацыі. У 12-30 спадарыня Хаданюк зняла слухалку і сказала мне, што яны гэтае паседжанне ўжо правялі, прычым у 8-30. Я запытаўся ў яе, як яны гэта маглі зрабіць, калі я там быў у 8-50 і яшчэ ніхто не ведаў, калі яно будзе праходзіць. Яна сказала, што літаральна так усё і адбылося і каб я чакаў на працягу трох дзён дадзеныя пра вынікі гэтага паседжання”.

Другі назіральнік Наталля Самахвалава адзначае, што яе таксама падманулі ў Кастрычніцкім райвыканкаме, куды яна прыйшла, каб даведацца пра месца і час правядзення паседжання акруговай выбарчай камісіі.

“У нядзелю я была ў акруговай выбарчай камісіі, і там мне сказалі, што яны не ведаюць, калі адбудзецца паседжанне па стварэнні ўчастковых камісій і зацвярджэнні іх складу, - гаворыць Наталля, - На наступны дзень я абышла шмат кабінетаў, пытаючыся пра час паседжання акруговай выбарчай камісіі, але мне ніхто нічога канкрэтнага сказаць не мог, пакуль я не дайшла да кіраўніка адміністрацыі спадара Лебядзева. Сакратар адмовілася прапускаць мяне да яго, спасылаючыся на спецыяльныя прыёмныя дні. Я папрасіла яе, каб яна запісала мяне на прыём. Я пачала ўжо выходзіць з кабінета, як убачыла, што ў маім напрамку рухаецца кіраўнік адміністрацыі спадар Лебядзеў.  Я яго прыпыніла і пачала запытваць, чаму ў адміністрацыі ніхто ніякай інфармацыі па выбарах не прадастаўляе і не даецца інфармацыя пра месца і час паседжання акруговай выбарчай камісіі. Ён папрасіў мяне пачакаць , запытаў пры гэтым, да каго я звярталася. Я яму назвала ўсіх. Ён зайшоў у свой кабінет,  і праз некалькі хвілін я ўбачыла, як да яго бягуць тры жанчыны з розных кабінетаў, да якіх я звярталася раней.  За зачыненымі дзвярыма я чула, як спадар Лебядзеў размаўляў з імі на павышаных танах. Потым ён выйшаў, узяў мяне за руку і павёў у закуточак, дзе стаяў стэнд, на які ўжо паспелі павесіць аб’яву пра тое, што паседжанне акруговай выбарчай камісіі па пытанні стварэння ўчастковых камісій адбылося ў 9-00. Я запытала ў яго, калі гэта сябры акруговай камісіі паспелі яго правесці, бо ў іх проста фізічна не было на гэта часу. Ён развёў рукамі і пайшоў у свой кабінет”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства