viasna on patreon

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп: падагульненьне

2008 2008-08-12T15:21:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вылучэнне кандыдата ў дэпутаты  Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь можа ажыццяўляцца шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў у адпаведнасці з існуючым заканадаўствам (арт. 65 ВК) групай грамадзян (ініцыятыўнай групай) у колькасці не менш за 10 чалавек. Спіс членаў ініцыятыўнай групы, у якім указаны яе кіраўнік, разам з заявай аб рэгістрацыі групы падаецца ў акруговую выбарчую камісію не пазней, чым за 65 дзён да выбараў. Указаныя дакументы падае асоба, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у дэпутаты. Спіс павінен утрымліваць наступныя звесткі: для асобы, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у дэпутаты, - прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, прафесія, пасада (занятак), месца працы, месца жыхарства, партыйнасць; для кіраўніка ініцыятыўнай групы і кожнага яе члена - прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства.

Акруговая выбарчая камісія павінна разгледзець дакументы ў пяцідзённы тэрмін і, у выпадку іх  адпаведнасці нормам выбарчага заканадаўства, зарэгістраваць ініцыятыўную групу і выдаць яе членам адпаведныя пасведчанні і падпісныя лісты для збору подпісаў.

Акруговая выбарчая камісія можа адмовіць у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў выпадках:

калі асоба, якая мае намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты, не з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, не жыве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

калі колькасны склад ініцыятыўнай групы меншы за 10 чалавек;

калі пры фарміраванні групы парушаны прынцып свабоднага ўдзелу ў выбарах;

калі ў склад  ініцыятыўнай групы ўключаны грамадзяне, якія не валодаюць выбарчым правам;

у іншых выпадках парушэння Выбарчага кодэкса.

 

Рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы павінна быць выдадзена заяўніку не пазней, чым на наступны дзень пасля яго прыняцця, ці ў той жа тэрмін павінна накіравацца заяўніку заказным паштовым адпраўленнем.

Працэс падачы заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп у адпаведнасці з календарным планам завяршыўся 24 чэрвеня, а рашэнні па рэгістрацыя акруговымі выбарчымі камісіямі прымаліся да 29 ліпеня 2008 г.

Па звестках ЦВК, на рэгістрацыю ініцыятыўных груп у акруговыя выбарчыя камісіі было пададзена 454 заяўкі. Акруговымі камісіямі было адмоўлена 23 групам, 8 заяў былі зняты заяўнікамі добраахвотна, адна заяўка не разглядалася па прычыне яе падачы пасля ўсталяванага тэрміну.

Самай распаўсюджанай падставай для адмовы ў рэгістрацыі стала абвінавачванне ва ўключэнні грамадзян у ініцыятыўныя групы без іх згоды. Акруговыя камісіі адмаўлялі у рэгістрацыі такіх груп, спасылаючыся на арт. 5 ВК – парушэнне прынцыпу добраахвотнасці ўдзелу ў выбарах.  Але пры гэтым камісіі не ўлічвалі таго, што прэтэндэнты ў кандыдаты сведчылі, што прычынай адмовы грамадзян удзельнічаць у ініцыятыўных групах стаў ціск на іх з боку спецслужбаў і дзяржаўнай адміністрацыі. Напрыклад, у Віцебскай-Горацкай выбарчай акрузе № 17 напярэдадні рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Таццяны Севярынец трое сяброў адклікалі свае заявы. Як паведаміла Т. Севярынец, на двух з іх аказваўся ціск з боку адміністрацый прадпрыемстваў, а трэцяй - Лідзіі Карповіч пагражалі судом і высяленнем з інтэрнату, у якім яна жыве са сваімі непаўнагадовымі дзецьмі.

Сябра БНФ Д.Вінаградаву, які вылучаўся па Вілейскай выбарчай акрузе №68, адмовілі у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы на падставе заявы аднаго з удзельнікаў групы аб тым, што яго уключылі у спіс без яго ведама. Калі Вінаградаў 28.07.2008 ехаў на асабістым аўтамабіле падаць новы спіс ініцыятыўнай групы, яго затрымалі супрацоўнікі Мядзельскага РАУС і трымалі да сканчэння працы акруговай камісіі пад відам праверкі аутамабіля, ці не скрадзены ен.

У выніку ціску адміністрацыі аднаго з прадпрыемстваў беларускай чыгункі адмовіўся  рэгістраваць сваю ініцыятыўную групу ў Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе № 19 Міхаіл Шпакоўскі, сябра  БСДП (Грамада).

У 9 выпадках адмовы у рэгістрацыі былі абскарджаны у ЦВК, адна скарга была задаволена. Большасць скаргаў пакінуты ЦВК без разгляду па прычыне пропуску ўсталяванага 3-дзённага тэрміну на падачу скаргі.

У Вярхоўны  Суд была пададзена адна скарга на адмову у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы сябра БНФ сп.Вінаградава. Рашэннем ад 6.08.2008г. Вярхоўны Суд адмовіў у задавальненні скаргі, пагадзіўшыся з пазіцыямі выбарчых камісій. Скарга на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якую Вінаградаў падаў у ЦВК, паранапраўлена для правядзення праверкі у Генеральную пракуратуру.

У выніку зарэгістравана 423 ініцыятыўных групы, у тым ліку 310 груп безпартыйных заяўнікаў, а таксама групы сяброў партый:

 

- Аграрнай партыі – 1

- РПТС – 1

- БСДГ – 9

- БСДП (Г) – 16

- ПКБ – 18

- БНФ – 21

- КПБ – 19

- ОГП – 27

Вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных груп 

 

2000 г.

2004 г.

2008 г.

Падалі на рэгістрацыю

563

635

454

Зарэгістраваны

548

558

423

Адмоўлена ў рэгістрацыі

15 (4,58%)

71 (11,2%)

23 (5,07%)

 

Вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных груп апазіцыйных партый

Партыі

2004 г.

2008 г.

 

заяўляліся

зарэгістраваны

заяўляліся

зарэгістраваны

БНФ

38

32

22

21

ОГП

54

51

28

27

ПКБ

24

21

18

18

БСДП (Г)

50

35

16

16

Усяго

Кааліцыя “Пятерка +” (Без БСДП (НГ)

Падалі – 138

Зарэгістравана-122

Адмоўлена -16 (11,6%)

Кааліцыя АДС

Падалі – 106

Зарэгістравана – 103

Адмоўлена – 3 (2,8%)

 

БСДП (НГ)

Адмоўлена – 15 (30%)

Еўракааліцыя

Падалі – 64

Зарэгістравалі – 63

Адмоўлена – 1 (1,6%)

 

Аналіз працэдуры вылучэння і рэгістрацыі ініцыятыўных груп дае падставы сцвярджаць, што ў параўнанні з мінулай парламенцкай выбарчай кампаніяй, удвая зменшылася колькасць адмоў у рэгістрацыі. Адносна прадстаўнікоў аб’яднанай апазіцыі колькасць адмоў у рэгістрацыі зменшылася практычна ў дзесяць разоў.

Некаторыя ініцыятыўныя групы кандыдатаў ад апазіцыі былі зарэгістраваны да заканчэння тэрміну падачы заяў у акруговыя выбарчыя камісіі. Напрыклад, на другі дзень пасля зацвярджэння складу Брэсцкай-Усходняй выбарчай акругі № 3 была зарэгістравана ініцыятыўная група адзінага кандыдата ад АДС Ігара Маслоўскага. Яму адразу былі выдадзены пасведчанні членаў ініцыятыўнай групы і чыстыя падпісныя лісты. 25.07.2008 у Белавежскай выбарчай акрузе № 8 была зарэгістравана ініцыятыўная група Ўладзіміра Вавранюка, сябра незарэгістраванай БСДП (НГ).

Назіральнікі, як правіла, мелі магчымасць прысутнічаць на  паседжаннях камісіяў. Нярэдка назіральнікі адзначалі спрыяльны, дабразычлівы характар вядзення паседжанняў. Аднак некаторыя назіральнікі, у прыватнасці па Бабруйска-Ленінскай № 78 і Бабруйска-Першамайскай № 79 акругах, сутыкнуліся з немагчымасцю атрымаць у акруговых камісіях дакладную інфармацыю аб часе правядзення іх пасяджэнняў і не былі дапушчаны такім чынам да назірання на пасяджэнні камісій, што адмоўна уплывае на рэалізацыю прынцыпаў адкрытасці і галоснасці выбараў.

Таксама не спрыяе адкрытасці і галоснасці выбарчай кампаніі практыка адмовы назіральнікам у прадастаўленні інфармацыі аб ініцыятыўных групах, кантактных адрасах і тэлефонах іх кіраўнікоў і асоб, якіх яны вылучаюць у дэпутуты.  У акруговай камісіі Баранавіцкай сельскай акругі № 7 нават самому сябру камісіі - Яну Савіцкаму не прадаставілі поўных  дадзеных. Старшыня камісіі П. Дуброўскі выказваўся аб тым, што прадастаўленне дадзеных з’яўляецца ўмяшальніцтвам у асабістае жыццё сябраў камісіі.

Праваабаронцы працягваюць маніторынг выбарчай кампаніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства