Клецк: Раённая газета жадае прэтэндэнту «атрымаць падтрымку выбаршчыкаў»
У Клецкай раённай газеце "Ды новых перамог" ад 26 ліпеня 2008 года ў рубрыцы "Асобы" было апублікавана вялікае па аб'ёме інтэрв'ю з дырэктарам Шчэпічскай сярэдняй школы Клецкага раёна Аленай Новік. Пры гэтым ва ўступе артыкула аўтар відавочна не шкадаваў кампліментаў на адрас дырэктара. Ён апісваў і яе знешняе аблічча, і яе працоўныя дасягненні. Здавалася бы, пры чым тут выбарчая кампанія?
Аднак, ужо ў адным з наступных нумароў гэтай жа газеты, а дакладней у нумары ад 12 жніўня 2008 года, ледзь ні на ўсё першую паласу быў змешчаны артыкул пад назовам: "Вылучэнне кандыдатаў або аб тым, як прадстаўнікі СПК "Шчэпічы" выбіралі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь". Літаральна два першых абзацы дадзенага артыкула насілі інфармацыйны характар. А далей пайшла адна суцэльная агітацыя за А.Новік, якую працоўны калектыў СПК абраў прэтэндэнтам у кандыдатам. Тут і яе біяграфічныя дадзеныя, і яе працоўныя заслугі. Вось адна з вытрымак: "за якіх яна, з’яўляючыся дэпутатам мясцовага, а потым раённага Савета, неаднаразова ішла "на барыкады", каб абараніць тое, аб чым яны (г.з. аднавяскоўцы) яе прасілі, каб школа, дзе вучацца іх (г.з. аднавяскоўцаў) сыны і дочкі, была адной з лепшых у раёне….". А заканчваецца артыкул наступнымі словамі: "Пажадаем жа ёй паспяхова прайсці працэдуру рэгістрацыі і атрымаць падтрымку выбарнікаў нашага і суседняга раёна".
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"