viasna on patreon

Участковыя камісіі сфармаваныя: рэгіёны падводзяць вынікі

2008 2008-08-16T02:01:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гарадзеншчына

На Гарадзеншчыне ў склад ўчастковых выбарчых камісій не ўлучылі аніводнага (!) прадстаўніка дэмакратычных партый. Усяго ж у ўчастковыя камісіі па 13 выбарчых акругах Гарадзеншчыны быў вылучаны 141 прадстаўнік дэмакратычных партый і рухаў. 123 з іх былі прапанаваны ў камісіі адпаведнымі партыйнымі пратаколамі рэгіянальных структур, яшчэ 18 – шляхам збору подпісаў. Аднак, мясцовыя адміністрацыі цалкам праігнаравалі кандыдатаў у камісіі ад дэмакратычных сілаў.

Магілёўшчына

Найбольш усяго вылучэнцаў было ад ГА Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” – 54. З іх 13 было вылучана ў г.Магілёве. Партыя камуністаў Беларуская вылучыла 13 чалавек, Аб’яднаная Грамадзянская партыя – 6. Акрамя гэтага шляхам збору подпісаў ад дэмакратычных сілаў было вылучана 57 чалавек.Па папярэдняй інфармацыі ўжо вядома, што ў склад ўчастковых выбарчых камісій па ўсёй Магілёўскай вобласці пакуль увайшлі толькі некалькі прадстаўнікоў ад апазіцыі. Сярод іх вылучэнцы ад ГА БНФ “Адраджэньне” Галіна Мікша і Дзям’ян Франкоўскі па Горацкай выбарчай акрузе №81, ад ПКБ Аляксандр Лісавы і Любоў Іванішчанка па 85 і 86 выбарчым акругам у г.Магілёве.

Гомель

Гомельскія ўлады не ўключылі ні аднаго прадстаўніка дэмсіл ва ўчастковыя камісіі. Як паказаў аналіз складу ўчастковых камісій па 33-яй выбарчай акрузе, 57 % ад агульнай колькасці членаў участковых камісій вылучаныя працоўнымі калектывамі (сярод іх - работнікі РУП "Гомельэнерга", РУП "Гомельскі завод "Камунальнік", ОАОТ "Зубр" (прадпрыемства гандлю), ААТ "Будаўніча-мантажны трэст № 27", ААТ "Гомельскі хімічны завод", ЧУП "Завод "Энергаабсталяванне", Гомельскай цэнтральнай паліклінікі, ААТ "Гомельжалезабетон", ААТ "Медпласт", Гомельскай клінічнай бальніцы і інш.). Пры гэтым 39 % -- з прадстаўнікоў толькі аднаго працоўнага калектыва: так, камісія 32-го ўчастку складаецца выключна з работнікаў Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі. У адрозненне ад папярэдніх выбарчых кампаній, удзельная вага вылучэнцаў ад працоўных калектываў школ нізкая. З 33 участкаў толькі на 13-м і 24-м будзе працаваць большасць педагогаў школ. Па 33-му акрузе ва ўчастковых камісіях будуць працаваць 12 прадстаўнікоў адміністрацыі Савецкага раёна і 2 вылучэнцы ад БРСМ. Вылучэнцаў ад грамадзян -- 21 % складу камісій.

 

Мядзель

Пра тое, што участковыя камісіі ў Мядзельскім раёне сфармаваныя, старшыня менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Вінаградаў даведаўся 13 жніўня з газеты "Нарачанская зара". Тады ж стала вядома, што яго кандыдатуру не ўключылі ў склад камісіі Старамядзельскага ўчастка для галасавання №52.Заяву аб вылучэнні шляхам збору подпісаў грамадзян ён падаў 8 верасня. Таксама ён падаў заяву да старшыні Мядзельскага раённага выканаўчага камітэта А.І.Даніленкі, з просьбай растлумачыць парадак, з годна з якім якім фарміруецца камісія, а таксама праінфармаваць яго пра дату, месца і час правядзення паседжання, дзе будзе прымацца рашэнне аб фармаванні камісіі. Але ніякага адказу на сваю заяву Зміцер Вінаградаў ад старшыні райвыканкаму не атрымаў, што супярэчыць Закону “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”, Закону Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян” і іншым нарматыўным актам.Такім чынам Зьміцер Вінаградаў мусіў падаць да старшыні Мядзельскага райвыканкаму А.І. Даніленкі новую заяву, у якой прасіў праўдзівага адказу на пытанне “Чаму Вінаградаў Дз.М. не быў ўключаны ў склад участковай камісіі Старамядзельскага ўчастка для галасавання №52 па правядзенню выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь?” Спадар Вінаградаў папрасіў даць адказ на пытанне ў пісьмовай форме, і толькі на беларускай мове.

Полацк

Па Полацкай гарадской выбарчай акрузе № 28 у камісіі, згодна з інфармацыяй, апублікаванай ў газеце “Полацкі веснік”, абрана і зацверджана ўсяго 543 чалавекі. Афіцыйна 245 з іх вылучана ад працоўных калектываў, 237 – ад грамадзян шляхам збору подпісаў, 33 чалавекі – ад прафсаюзных арганізацый, сяброў грамадскага аб’яднання БРСМ – 11, сяброў грамадскага аб’яднання “Белая Русь” – 8, 3 – ад “Беларускага Саюзу ветэранаў вайны ў Афганістане”, па тры чалавекі ад адной і другой камуністычных партый. Вялікая колькасць “актыўных” грамадзян, якія для свайго вылучэння настойліва збіраюць подпісы, тлумачыцца проста. Спіс рэкамедаваных сяброў камісіі перадаецца кіраўніку ўстановы (напрыклад, дырэктару школы), а той ужо загадвае сваім падначаленым (не абавязкова сябрам камісіі, любому члену калектыва) ісці і збіраць подпісы па ўчастку. Такім чынам, са складам камісіі афіцыйна – усё выдатна: і калектывы вылучаюць, і грамадзяне актыўнасць праяўляюць. Невялікая лічба сяброў БРСМ у камісіях пры дастаткова немалой спісавай колькасці людзей ў гэтай арганізацыі тлумачыцца тым, што асноўная маса шарагоўцаў гэтай арганізацыі – школьнікі, навучэнцы і студэнты, якія ці не падыходзяць па ўзросце ці зараз адсутнічаюць па месцы вучобы.

Рэчыца

У Рэчыцкай выбарчай акрузе дэмакратычныя сілы вылучылі 24 прадстаўніка ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Толькі трох з іх мясцовая ўлада ўключыла ў склад камісій. У суседняй Хойніцкай акрузе прадстаўнікоў дэмсіл у камісіях няма.

Ва ўчастковыя камісіі Рэчыцкай акругі 21 кандыдатуру вылучылі партыйныя арганізацыі Гомельскай вобласці. 11 з іх – з Партыі БНФ, 7 – з Партыі камуністаў беларускай (ПКБ) і 3 – з Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). Яшчэ трое прадстаўнікоў дэмсіл былі вылучаны грамадзянамі шляхам збору подпісаў: двое з іх беспартыйныя, і адзін – сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – БСДП(Г).

Паседжанні Рэчыцкага і Хойніцкага райвыканкамаў па ўтварэнні ўчастковых камісій прайшлі 11 жніўня. Выканаўчы камітэт Рэчыцкага раёну з усіх вылучаных прадстаўнікоў дэмсіл уключыў у склад участковых камісій толькі трох чалавек (старшыня выканкама – Пётр Шостак). У Хойніцкай выбарчай акрузе дэмсілы прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі не вылучалі.

Усе трое прадстаўнікоў дэмсіл, якія прайшлі ва ўчастковыя камісіі ў Рэчыцкай акрузе, уключаны ў камісіі ў г. Рэчыца. Алег Шабетнік з БСДП(Г) зацверджаны ў камісію Чкалаўскага выбарчага ўчастку № 6, цэнтр якога – ў галоўным корпусе аграрнага каледжа па вуліцы Савецкай, 192. Сябра АГП Сяргей Лагонскі ўключаны ў камісію Рытмаўскага ўчастка № 15, цэнтр участка – сярэдняя школа № 7 па вул. Будаўнікоў, 7. Філімон Дзенісюк з ПКБ – у складзе камісіі Наварэчыцкага ўчастка № 14, цэнтр гэтага ўчастка размяшчаецца ў зале жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка “Наварэчыцкі” па вул. Будаўнікоў, 2.

Рагачоўскі раён: з трынаццаці – двое

Па ўдакладненых звестках, у Рагачоўскай выбарчай акрузе (Гомельская вобласць) у склад участковых выбарчых камісій уключаны два прадстаўнікі дэмакратычных сіл. Аб гэтым паведаміў сябра Рады Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Віктар Раманішка. 11 іншых кандыдатур ад дэмакратычных сіл, якія вылучаліся тут у камісіі, адхіленыя мясцовай уладай.

Раней паведамлялася, што ў гэтай акрузе з усіх вылучаных прадстаўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сіл толькі Фёкла Паўлюкова ад камуністаў прайшла ва ўчастковую камісію ў в. Гадзілавічы. Па ўдакладненых звестках, у склад камісіі уключаны яшчэ адзін прадстаўнік Партыі камуністаў беларускай – Іван Кохан. Ён працуе на выбарчым ўчастку ў в. Дварэц.

Усяго дэмакратычныя сілы вылучылі ў гэтай акрузе 13 прадстаўнікоў у склад участковых камісій. Аднак усе астатнія кандыдатуры былі адхіленыя выканаўчым камітэтам Рагачоўскага раёна, які утвараў камісіі. У прыватнасці, няма ніводнага прадстаўніка дэмсіл ва ўчастковых камісіях у Кармянскім раёне, які таксама ўваходзіць у Рагачоўскую выбарчую акругу.

Горкі

З 14 кандыдатур, якія былі вылучаны ў склад участковых камісій дэмакратычнымі сіламі па Горацкай выбарчай акрузе №86, два чалавекі патрапілі ў склад участковых выбарчых камісій. Гэта Галіна Мікша ад ГА Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” (участак для галасавання №8) і грамадскі актывіст Дзям’ян Франкоўскі (участак для галасавання №7).Назіральнік Эдуард Брокараў адзначае, што папярэдняй інфармацыі аб паседжанні акруговай выбарчай камісіі, на якой павінны былі разглядацца пытанні аб стварэнні ўчастковых выбарчых камісій і зацвярджэнне кандыдатур у склад гэтых камісій, грамадскім актывістам і назіральнікам не давалася. З яго словаў спісы былі проста зацверджаны.

Баранавічы

15 жніўня назіральнікі ад БХК Сяргей Гоўша і Вячаслаў Болбат атрымалі, нарэшце, у Баранавіцкім гарвыканкаме і ў раённых уладаў (Баранавіцкі і Ляхавіцкі раёны) спісы людзей (часова, для азнаямлення), якія ўвайшлі ў выбарчыя камісіі. Праўда, у спісах не пазначаныя ні месцы працы, ні пасады тых, хто ў камісіі ўвайшоў. Затое відавочна іншае: ні адзін з 29-ці прэтэндэнтаў, якія хацелі бачыць сябе ў гэтых спісах – ад Партыі БНФ, ПКБ, БСДП(Г), БСДГ, АГП – у склад камісій па Баранавіцкай-Заходняй акрузе №5, Баранавіцкай-Усходняй акрузе № 6, Баранавіцкай сельскай акрузе № 7, не ўвайшоў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства