Баранавічы: Сабраныя подпісы былі завераныя толькі пасьля тэлефанавання ў Цэнтрвыбаркам
Сур’ёзныя парушэнні выбарчага заканадаўства выявілі пры спробе заверыць у сельскіх Саветах Баранавіцкага раёна сабраныя подпісы Рыгор Грык, сябра АГП, які збіраецца балатавацца дэпутатам у ПП НС РБ па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 і назіральнік Сяргей Андрушчанка.
Яшчэ на пачатку выбарчае кампаніі Р.Грык быў на нарадзе ў Баранавіцкім райвыканкаме, дзе мясцовым кіраўніцтвам было агучана, што сабраныя подпісы будуць завярацца ў сельсаветах з 16.00 да 17.00. Гэта было гарантавана. Але прыехаўшы ў сельсавет у Калпеніцы каля 16.00 у пятніцу, 15 жніўня, Грык і Андрушчанка ўбачылі на дзвярах установы замок, хаця аб’ява на дзвярах, якая сведчыла аб тым, што подпісы завяраюцца ў дакладны час, была. Сакратарка сельсавета, якая прыбірала ў гэты час тэрыторыю, паведаміла, што старшыні няма і не будзе. Акт аб парушэнні заканадаўства аб выбарах яна падпісаць адмовілася.
У 16.10 Р.Грык і С.Андрушчанка з’ехалі з Калпеніцкага сельсавета і ў 16.26 былі ў Сталавічах. Там на дзвярах таксама было паведамленне, што подпісы завяраюць з 16.00 да 17.00 і ...замок.
У 16.40 Грык і Андрушчанка былі ўжо ў Гарадзішчы. І там старшыні не аказалася на месцы і падпісаць сабраныя спісы не было каму. Тады Рыгор Грык патэлефанаваў пракурору Баранавіцкага раёна Аляксандру Смалю і паведаміў пра тое, што адбываецца ў сельсаветах у рабочы час- пра тое, што няма каму завяраць сабраныя подпісы, а ўстановы зачыненыя. На гэта пракурор выказаў неўразуменне. Але не з прычыны, чаму адказных асоб няма на працы, а таму, што яму патэлефанавалі. “Почему вы мне звоните?” – некалькі разоў спытаў ён. “Вы ж гарант Канстытуцыі - сказаў Грык – пракуратура павінна назіраць за тым, як выконваецца заканадаўства”. Але пракурор працягваў рабіць выгляд, што нічога не разумее. Тады Грык патэлефанаваў у Цэнтрвыбаркам у Мінск – спачатку на тэлефон Л. Ярмошынай, а потым у прававы аддзел. Там сказалі, што ўсё будзе выпраўлена, і подпісы завераць.
Р. Грык і С. Андрушчанка ў сельсавеце ў Гарадзішчы ў кнізе скаргаў і прапаноў зрабілі запіс аб парушэнні закона аб выбарах. І тут з’явіўся старшыня сельсавета і заверыў сабраныя подпісы. Р.Грык ануляваў свой запіс у кнізе прапаноў, але лічыць, што тое, што ў сельсаветах у працоўны час не было супрацоўнікаў і што ўвогуле на тое, каб заверыць подпісы, адводзіцца адна гадзіна (а трэба патрапіць у шэсць месцаў) – мэтанакіраваная акцыя. Улады не хочуць, каб незалежных кандыдатаў зарэгістравалі. Між тым, панядзелак, 18 жніўня, - апошні дзень, каб заверыць і здаць подпісы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”