Маладзечна: У складзе ўчастковых камісій – толькі сябры праўладных грамадскіх аб’яднанняў
У склад участковых камісій у Маладзечанскай гарадской выбарчай акрузе № 70 і сельскай №71 паводле рашэнняў Маладзечанскага і Валожынскага райвыканкамаў уключаны прадстаўнікі толькі ад праўладных грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, агулам 72 чалавека. Гэта такія арганізацыі, як Партыя КПБ, ГА «Беларускі саюз жанчын», арганізацыі ветэранаў, ГА «БРСМ», ГА "Белая Русь".
Да таго ж маюцца вялікія сумневы наконт таго, ці існуюць увогуле заявы выбаршчыкаў аб вылучэнні прадстаўніка ў склад участковай камісіі і пратаколы сходаў працоўных калектываў тых асобаў, якія патрапілі ў склад камісій. Асноўны склад (большасць сяброў) участковых камісій практычна не змяняюцца на працягу больш чым 10-ці год.
Рэгіянальныя назіральнікі паведамляюць, што райвыканкамамі не быў арганізаваны прыём заяваў ад выбаршчыкаў аб вылучэнні прадстаўніка ў склад участковай камісіі. Выбаршчыкі не маглі знайсці ў райвыканкаме адказнага за прыём заяваў, не было журнала прыёма заяваў.
Таксама заўважана парушэнне арт. 34 ВК - склад участковых камісій у Валожынскім раёне не быў апублікаваны ў 7-дзённы тэрмін, які сканчаецца 18 жніўня. У пятніцу, 15 жніўня, мясцовая газета "Працоўная слава" апублікавала спіс большасці камісій - апроч двух. Напрыканцы спіса напісана "Заканчэнне чытайце ў наступным нумары". Але наступны нумар выходзіць толькі 19 жніўня.
“Правабаронцы за свабодныя выбары”