Старшыня Хойніцкай камісіі "не можа" праверыць факты
Віктар Васькевіч лічыць, што факты парушэння заканадаўства з боку каманды праўладнага вылучэнца кандыдатам у дэпутаты "немагчыма праверыць".
З заявай да В.Васькевіча звярнуўся Леанід Судаленка, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які вылучаецца ў дэпутаты ў Хойніцкай выбарчай акрузе. Пры зборы подпісаў многія выбаршчыкі распавялі, што тыя, хто прыходзілі да іх раней, казалі: падпісацца за іншых кандыдатаў яны, мкаўляў, ужо не маюць права. На меркаванне Л.Судаленкі, такімі метадамі ў Хойніцкай акрузе збіраюць подпісы за вылучэнне ў дэпутаты Георгія Дашкевіча, саветніка старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.
Старшыня акруговай выбарчай камісіі В.Васькевіч – начальнік упраўлення па працы і занятасці насельніцтва Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта. У сваім адказе ён напісаў: "Факты, якія прыведзеныя ў заяве, практычна нельга праверыць. У заяве не пададзеныя працоўныя калектывы, у якіх, на Вашае меркаванне, з парушэннямі ажыццяўляўся збор подпісаў. Не названыя таксама прозвішчы грамадзян, у гутарках з якімі можна было б праверыць названыя парушэнні".
Чаму Л.Судаленка не прывёў у заяве прозвішчаў выбаршчыкаў, якія паведамілі пра факты парушэнняў? Вось што ён кажа на гэты конт:
– За афіцыйных вылучэнцаў улада збірае подпісы ў людзей на працы, і не хоча гэта прызнаць, а людзі баяцца падпісвацца ў актах пра гэтыя выпадкі.
Тым не менш, за Л.Судаленку ўжо падпісаліся больш за 1200 выбаршчыкаў.