Рэчыца і Хойнікі: дзейныя дэпутаты вылучацца не сталі
Галоўная прычына – тамтэйшыя вельмі незадаволеныя вынікамі іхнай дзейнасці. Таму шанцы з’явіліся ў прадстаўнікоў апазыцыі.
У Рэчыцкай акрузе вылучаюць трох кандыдатаў. Па словах аднаго з іх – Валерыя Пуціцкага – яго ініцыятыўная група ўжо сабрала каля 1000 подпісаў, прычым не толькі шляхам абыходу жыхароў
– Вядзецца збор подпісаў і на гарадскім рынку, – кажа В. Пуціцкі.
Ён вылучаны кандыдатам у дэпутаты і на з’ездзе Партыі БНФ. Іншыя вылучэнцы – былы прадпрымальнік Леанід Невар, пенсіянер, і Ала Сачанка "ад улады" (начальнік фінансавага аддзелу выканаўчага камітэту Рэчыцкага раёна). Дадзеная акруга ўключае ў сябе асноўную частку Рэчыцкага раёна.
За Леаніда Судаленку з Аб’яднанай грамадзянскай партыі неабходная колькасць подпісаў ужо сабраная. Ён вылучаецца ў дэпутаты ў суседняй Хойніцкай акрузе, якая ахоплівае Брагінскі, Лоеўскі, Хойніцкі і частку Рэчыцкага раёна.
– 1200 подпісаў сабраны ў выніку абыходу жыхароў, – кажа Л.Судаленка. – У Хойніках мая ініцыятыўная група збірала подпісы і на вуліцах, прычым прыязджаў і дапамагаў нам Аляксандр Мілінкевіч.
Дзейныя дэпутаты ад гэтых акругаў – Мікалай Куцко, намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па аграрных пытаннях, і Віталь Кулік, старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогii i прыродакарыстанню. Абодва яны не ідуць на новыя выбары.
– У размовах з мясцовымі жыхарамі становіцца зразумелым: людзі настолькі не задаволены дэпутатам Куліком ад Хойніцкай акругі, што ўлады, відавочна, не наважыліся выстаўляць яго на новыя выбары, – гаворыць Андрэй Толчын, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Гомеля.