Незалежныя кандыдаты аб’ядноўваюцца ў Гродна
Незалежныя кандыдаты ў беларускі парламент па Гродзенскай-Занёманскай акрузе аб’ядноўваюць свае намаганні ў барацьбе за дэпутацкі мандат. Аляксандр Васільеў і Сяргей Кузьмянок дамовіліся сёння аб супольных дзеяннях падчас агітацыйнай кампаніі.
Як адзначыў Радыё Рацыя Сяргей Кузьмянок, “аб’яднанне намаганняў ёсць абсалютна неабходным крокам”:
-Нам няма чаго дзяліць - мэта і праціўнік у нас адзін. Важна, што мы гэта разумеем і не дазваляем нас дзяліць. Дамова аб супольных дзеяннях дапаможа нам аб’яднаць усе нашыя рэсурсы, у першую чаргу, людскія і дастойна правесці агітацыйную кампанію, - адзначыў Сяргей Кузьмянок.
Як паведаміў Рацыі Сяргей Кузьмянок, дамоўленасці дзейнічаюць нягледзячы на вынікі рэгістрацыі на Гарадзенскай-Занёманскай акрузе. І Сяргей Кузьмянок і Аляксандр Васільеў выказалі гатоўнасць падтрымаць адзін другога ў выпадку калі нехта з іх не будзе зарэгістраваны. У выпадку, калі абодва прэтэндэнты не будуць зарэгістраваныя, Аляксандр Васільеў і Сяргей Кузьмянок, задэкларавалі, што ўзгодняць свае далейшыя дзеянні.