viasna on patreon

Магілёў: Фінансавая міліцыя актывізавалася

2008 2008-08-21T15:04:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння на працу да жонкі прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты Аляксея Паўлоўскага Галіны Паўлоскай прыйшлі супрацоўнікі органаў фінансавых раследванняў КДК. Яны прыйлі не адны, а адразу з панятымі, і ўручылі пад роспіс патрабаваннне аб тым, каб яна прадаставіла дэкларацыю аб сваіх падатках да 29 жніўня.

Пазаўчора сябры ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты Наталлі Зайцавай Максіму Кавалёву на мабільны тэлефон патэлефанаваў супрацоўнік фінансавай паліцыі, які прадставіўся спадаром Чарняўскім, і прапанаваў сустрэцца. Максім сказаў, што сустрэча адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі той вышле яму афіцыйную позву. Вечарам Максім быў абураны, бо спадар Чарняўскі дабраўся да яго дадому і ўручыў позву на 20.30 гадзінаў таго ж дня і прапанаваў падвезці яго да будынку органаў фінансавых раследванняў КДК. У машыне спадар Чарняўскі распавёў аб тым, што Максіма выклікаюць у сувязі з тым, што ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, у памяшканні, дзе Максім здаваў подпісы за прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты Наталлю Зайцаву, стаяў “жучок”, у выніку чаго была запісана размова Максіма з прысутным у гэты час ў пакоі чалавекам.

“Я заверыў подпісы, - гаворыць Максім Кавалёў, - і ў гэты час, чалавек, які сядзеў побач, стаў жартліва запытваць, колькі мне за гэтыя подпісы плацяць, бо не магу ж я проста так хадзіць і збіраць іх. Я таксама жартаўліва назваў пэўную суму, пасля чаго невядомы адчапіўся ад мяне”.

Максім адзначае, што размова яго з супрацоўнікам фінансавай паліцыі спадаром Чарняўскім адбылася ў машыне, а да ўпраўлення яны так і не даехалі.

“Спадар Чарняўскі, - працягвае Максім, - сказаў, што патэлефануе мне заўтра і, калі неабходна, то выклікае мяне зноў на размову, але ён так і не звязаўся са мной за апошнія дні”.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што такімі спосабамі ўлада хоча націснуць на назалежных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты, у тым ліку праз членаў іх сямей, каб у тых ствараліся лішнія клопаты, боязь і фармавалася негатыўнае стаўленне да таго, што нехта з іхных родных пачаў удзельнічаць у палітычнай кампаніі.

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства