Магілёў: Члены акруговай выбарчай камісіі прапанавалі людзям адмовіцца ад подпісаў за незалежнага прэтэндэнта ў кандыдаты
Акруговая выбарчая камісія №87 прыдумала спосаб, як зняць з выбарчай дыстанцыі прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты ад аргкамітэта партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Таццяну Шамбалаву.
Члены акруговай выбарчай камісіі ходзяць па адрэсах тых людзей, якія сваім подпісам падтрымалі прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты Таццяну Шамбалаву, і просяць іх падпісаць заявы аб тым, што ў падпісных аркушах дату яны ставілі не сваёй рукой.
Гэта стала вядома ў выніку размовы з кіраўніком выбарчага штабу Таццяны Шамбалавай Канстанцінам Тыртычным.
Сама ж Таццяна адзначае, што інфармацыя аб дзеяннях сябраў акруговай выбарчай камісіі стала вядома ў выніку тэлефоннага званка аднаго з выбаршчыкаў, які распавёў пра сітуацыю, якая мела месца.
“Я хачу каб той чалавек, які мне патэлефанаваў, напісаў скаргу ў акруговую выбарчую камісію і пракуратуру аб адбыўшымся інцыдэнце, каб яму і мне далі тлумачэнні аб гэтым выпадку”, - гаворыць Таццяна. - Я ўпэўнена, што гэта далёка не адзіны выпадак, які меў месца”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”