Спроба здабыць інфармацыю трактуецца як «дэстабілізацыя абстаноўкі»?
Газеце «Ганцавіцкі час» не далі інфармацыі аб выніках фармавання ўчастковых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Начальнік аддзела ідэалогіі Ганцавіцкага райвыканкама Лідзія Занько 20 жніўня адмовілася размаўляць з намеснікам галоўнага рэдактара незалежнага тыднёвіка Пятром Гузаеўскім, нават не выслухаўшы пытання журналіста, але параіўшы напісаць пісьмовы запыт.
Звесткі пра ўчастковыя камісіі Пётр Гузаеўскі быў вымушаны ўзяць з дзяржаўнай раёнкі.
«Гэта стала ўжо сумнай традыцыяй – нашым карэспандэнтам ніяк не ўдаецца дыялог з галоўным ідэолагам раёна, – распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Пётр Гузаеўскі. – На вусныя звароты Лідзія Занько адмаўляецца адказваць, папросту збягаючы са свайго кабінету, а на пісьмовыя мы атрымліваем фармальныя адпіскі».
З гэтай нагоды Пётр Гузаеўскі ў мінулым месяцы пакінуў скаргу ў кнізе заўваг і прапаноў райвыканкама. Адказ, які ён атрымаў, прадэманстраваў, што ў райвыканкаме да дыялогу не гатовыя. «Ваше обращение и внесенное в книгу замечаний и предложений райисполкома замечание преднамеренны и осуществлены с целью дестабилизации общественно-политической ситуации в районе», – гаварылася ў лісце з выканкаму.
«Добра, што хоць у тэрарызме не абвінавацілі, – жартуе Пётр Гузаеўскі. – Не ведаю, як можна дэстабілізаваць грамадска-палітычную абстаноўку запісам ў кнізе заўваг і прапаноў. Наадварот, пазіцыя нашай рэдакцыі накіравана менавіта на адкрытую інфармацыйную дзейнасць на карысць развіцця нашага Ганцавіцкага раёна».