Мінюст не прызнае шосты зьезд Саюзу палякаў
12 траўня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі прызнала несапраўдным шосты зьезд грамадзкага аб’яднаньня “Саюз палякаў Беларусі”, які адбыўся два месяцы назад у Горадні.
Гэтую інфармацыю намесьніку старшыні СПБ у тэлефоннай размове пацьвердзіў начальнік упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Мінюсту Алег Сьліжэўскі. Ён таксама дадаў, што пісьмовае рашэньне выслана на адрас сядзібы Саюзу палякаў. Гэта азначае, што і рашэньні зьезду, і перавыбранае новае кіраўніцтва арганізацыі неправамоцныя.
Па непацьверджаных пакуль дадзеных, сваё рашэньне Мінюст тлумачыць тым, што на працягу апошніх двух месяцаў да іх паступіла мноства скаргаў ад сябраў СПБ. Маўляў, у іх людзі выказваюць абурэньне масавымі парушэньнямі пры вылучэньні дэлегатаў на зьезд ад раённых філіяў. Падкрэсьліваецца нават, што ў зьездзе бралі ўдзел і галасавалі людзі, якія не зьяўляліся дэлегатамі. У гэтай сувязі цікавы той факт, што на працягу ўсяго зьезду ў зале прысутнічалі прадстаўнікі абласных гарадзенскіх уладаў, а таксама супрацоўнікі польскай амбасады ў Менску.
Міністэрства юстыцыі цяпер рэкамэндуе былому кіраўніку Саюзу палякаў Тадэвушу Кручкоўскаму, якога новая кіраўнічка Анжэліка Борыс нядаўна абвінаваціла ў крадзяжы дакумэнтацыі арганізацыі, на працягу двух тыдняў правесьці новы зьезд. Яшчэ ўчора А. Борыс заявіла гарадзенскім журналістам, што яна абрана на сакавіцкім зьезьдзе дэмакратычным шляхам, што на новае кіраўніцтва аказваецца непасільны ціск з боку ўладаў Беларусі, і што яна будзе прыкладаць усе намаганьні, каб нармалізаваць дзейнасьць Саюзу палякаў.
Кіраўніцтва СПБ на чале з А. Борыс зьбіраецца прадпрымаць нейкія дзеяньні толькі пасьля таго, як будзе атрыманае пісьмовае рашэньне зь Мінюсту.
Прэс-служба Асамблеі НДА