Выканкамы грэбуюць прынцыпамі адкрытасці і галоснасці
Камісіі сфармаваныя. Як адзначылі праваабаронцы, працэс гэты праходзіў закрыта ад грамадскасці – па ўсёй краіне назіральнікаў проста не пускалі на адпаведныя паседжанні выканаўчых органаў улады. Немагчыма аказалася азнаёміцца і з дакументамі аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад камісій. Так, Гарадзенскі раённы выканаўчы камітэт даў афіцыйны адказ назіральніку Міколу Ворану, які звярнуўся з просьбай азнаёміцца з пратаколамі паседжанняў кіруючых органаў раённых структураў грамадскіх аб’яднанняў, паседжанняў працоўных калектываў і заяваў грамадзянаў аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад участковых камісій. У афіцыйным адказе яму патлумачылі, што гэта не уваходзіць “у правы назіральнікаў”.
Прадстаўнік БХК, гарадзенскі назіральнік Раман Юргель, які ў свой час не змог патрапіць на паседжанні прэзідыума Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў і адпаведнага выканаўчага камітэту, дзе фармаваліся акруговыя камісіі, звярнуўся з запытам да Л.М.Ярмошынай, і на днях атрымаў ад яе адказ. У афіцыйным лісце Лідзія Міхайлаўна патлумачыла назіральніку, што выбарчае заканадаўства не рэгулюе парадак правядзення прадстаўнічых і выканаўчых органаў і не прадугледжвае накіравання туды назіральнікаў. Таксама старшыня ЦВК патлумачыла, што не надзеленая правам прымяняць якіясці меры ў дачыненні да Гарадзенскага аблвыканкаму. Такім чынам Ярмошына пацвердзіла той факт, што беларускае выбарчае заканадаўства ўвогуле не прадугледзела мажлівасці прысутнасці назіральнікаў пры фармаванні камісій – вельмі значных для ўсяго выбарчага працэсу этапаў.
Звернемся да артыкула 13 Выбарчага кодэкса. Сапраўды ў пераліку правоў назіральнікаў няма права прысутнічаць на паседжаннях органаў, якія ўтвараюць камісіі. Але частка 1 названага артыкула гарантуе, што “падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна”. У частцы 2 утрымліваецца абавязак адпаведных камісій, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў інфармаваць грамадзян пра сваю працу па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў. Так што чытаць закон можна па-рознаму. Аднак выканаўчыя ўлады ўпарта працягваюць настойваць на сваім разуменні прынцыпаў адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу, а таксама правоў назіральнікаў.
Яскрава гэта праглядаецца з адказу старшыні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта А.А. Драко назіральніку Віталю Амяльковічу, якога 15 жніўня не дапусцілі на сумесныя паседжанні выканкаму з кіраўніцтвам новаствораных участковых камісій (назіральнік пакінуў адпаведны запіс у кнізе скаргаў і прапановаў). Кіраўнік выканкаму ў сваім адказе выклаў сваё разуменне прынцыпа галоснасці: “Па сутнасці выкладзеных Вамі 15.08.2008 года зваротаў у кнізе скаргаў і прапановаў Слуцкага райвыканкаму паведамляем, што ў мэтах забеспячэння галоснасці пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання Вам прадстаўлена права як назіральніку, акрэдытаванаму ў акруговай камісіі Слуцкай выбарчай акругі №74” – і ўсё, на ўсё астатняе адкрытасць і галоснасць не распаўсюджваецца.
А вось адміністрацыі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гародні лічаць неправамерным прадстаўленне назіральнікам матэрыялаў па вылучэнні прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі па іншай прычыне. Гэтая прычнына названая ў афіцыйным адказе, які атрымала назіральніца Святлана Рудкоўская. Адміністрацыя Ленінскага раёну Гародні адказала, што у патрабуемых назіральнікам дакументах змяшчаюцца асабістыя дадзеныя пра вылучэнцаў і таму, яны, як дзяржаўная ўстанова не маюць права даваць такія матэрыялы для азнаямлення. Такі ж афіцыйны адказ атрымаў з адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Гародні назіральнік Раман Юргель. І яшчэ канкрэтызавалася, што ў адпаведнасці з п. 69 артыкула 11 Рэгламента работы адміністрацыі раёна, ад 29.12.07 г., такія дакументы “прадстаўляюцца для азнаямлення супрацоўнікам апарата, кіраўнікам структурных падраздзяленняў адміністрацыі”. Цікава, якія “асабістыя дадзеныя” ўтрымліваюцца ў дакументах на вылучэнне ў склад камісіяў, якія несумяшчальныя з адкрытасцю выбарчага працэсу?
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”