Менск: Адміністрацыі раённых выканкамаў утойваюць інфармацыю пра склад участковых выбарчых камісіяў
Этап фармавання участковых камісіяў скончыўся амаль два тыдні таму, 13 жніўня, але зацікаўленыя суб'екты выбарчай кампаніі да цяперашняга моманту не маюць поўнай інфармацыі пра склад сталічных УВК.
Пасля 13 жніўня усе зацікаўленыя грамадзяне, прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадскіх аб'яднанняў падчас тэлефаванняў у раённыя адміністрацыі для высвятлення пытання аб зацверджанні сваіх вылучэнцаў у склад УВК атрымлівалі аднолькавыя адказы: "Чытайце ў прэсе". (У якасці выключэння трэба адзначыць аргаддзел Адміністрацыі Савецкага раёна, куды звярнуўся прадстаўнік Партыі камуністаў Беларускай з выбарчай акругі № 106 і атрымаў патрэбную інфармацыю.) Як паказала практыка, атрымаць інфармацыю пра склад ўсіх участковых камісіяў па Менску з перыядычных выданняў - справа складаная. Група энтузіястаў паспрабавала агульнымі намаганнямі зрабіць гэта і сутыкнулася з наступнай сітуацыяй.
Дзе шукалі
У гарадской газеце «Минский Курьер», заснавальнікам якой з'яўляецца Менгарвыканкам, афіцыйныя звесткі пра сталічныя УВК не з'явіліся. 15 жніўня спісы ўчастковых камісій былі апублікаваныя у выданнях раённых адміністрацыяў горада. Але вольны доступ да іх маюць не усе грамадзяне, а ў некаторых выпадках толькі сябры акруговых камісіяў.
Па-першае, наклад гэтых выданняў – 1 тысяча экзэмпляраў на раён. Па-другое, высветлілася, што толькі тры такія выданні – "Вести Первомайского района", "Минский меридиан" (выданне адміністрацыі Кастрычніцкага раёна), "Фрунзенский вестник" – выходзяць рэгулярна і распаўсюджваюцца па падпісцы. У шапіках "Белсаюздруку" без праблемаў можна было набыць толькі тыя ж "Минский меридиан" і "Вести Первомайского района". Пры адмысловых пошуках "Вестник Советского района" удалося атрымаць пры звароце ў ідэалагічны аддзел Адміністрацыі Савецкага раёна. Са здабычай "Вестей Фрунзенского района" справа аказалася больш складаная. У шапіку газеты не знайшлося. А калі шукальнік звярнуўся непасрэдна да рэдактара выдання Андрэя Кузьміна, той адмовіў у выдачы нумара за 15 жніўня, дзе змешчаны спісы ўчастковых камісіяў. Нават проста прагледзець газету было дазволена толькі з санкцыі кіраўніка Фрунзенскага райвыканкама Барыса Васільева.
Жнівеньскі нумар "Вестей Московского района" сам прыйшоў да выбаршчыкаў. Газета была разнесеная па паштовых скрынях жыхароў 99-ай і 100-ай выбарчых акругаў. Толькі замест інфармацыі пра склад УВК там апублікаваныя матэрыялы, якія можна смела аднесці да прыхаванай агітацыі за праўладных вылучэнцаў, - справаздача цяперашняга дэпутата палаты прадстаўнікоў Карпенкі (вылучаецца па акрузе № 100) і інтэрв'ю прэтэндэнта ў кандыдаты па акрузе № 99 Шылавай. Спісы ж камісіяў Маскоўскага раёна выдадзеныя асобнай брашурай з невядомым накладам, атрымаць якую простаму выбаршчыку таксама амаль немагчыма.
Перыядычныя выданні адміністрацый Заводскага, Партызанскага і Цэнтральнага раёнаў сталіцы пакуль увогуле здабыць не ўдалося.
Што знайшлі
Пасля азнаямлення з афіцыйнай інфармацыяй адносна УВК, змешчанай у газетах раённых адміністрацыяў Менску, стала зразумела, што выбаршчыкі абмежаваныя не толькі ў доступе да яе крыніцаў, але і непасрэдна ў аб'ёме звестак пра сябраў камісій. Акрамя прозвішчаў, імёнаў і імёнаў па бацьку пра іх нічога не вядома. Не ўказаныя ні шляхі вылучэння, ні месцы працы гэтых людзей.
Але ўжо пры беглым аглядзе спісаў становіцца зразумелым, чаму органы, якія ўтваралі ўчастковыя камісіі, не імкнуліся належным чынам давесці да шырокай грамадскасці інфармацыю пра іх сябраў.
Напрыклад, цікавы склад камісіі атрымаўся на участку № 222 "Сокал": Косціна С.Л. (арганізоўвала у Сокале збор подпісаў за прэтэндэнта ад улады), Рубаха Т.В. – дырэктар СШ № 194, Салавей Н.А. – завуч СШ № 194, Сініцкая І.В. – настаўніца СШ № 194.
А аналіз спісаў участковых камісіяў 97-ай акругі паказаў, што ў іх склад уваходзіць шмат кіраўнікоў розных узроўняў з НВА "Інтэграл". Так, на ўчастку № 96 – дырэктар вытворчасці Марціновіч А. Ф., на ўчастаку № 200 – намеснік начальніка аддзела кадраў Жук Л. У., на ўчастаку № 201 – намеснік дырэктара вытворчасці № 3 Карасцелёў А. Я. і намеснік дырэктара завода "Транзістар" Пока С.Ю., на ўчастаку № 206 – начальнік цэха Стромскі С.Я., на ўчастаку № 209 – інжынер забеспячэння Жыдаловіч Л.П., начальнік УПА Корзун А.А., на ўчастаку № 210 – механік завода №3 Бірук В.А., спецыяліст аддзела маркетынга Жук Ю.М., кіраўнік планава-эканамічнага аддзела Міхалевіч С.К., начальнік цэха Трухан В.А. Утварэнне такой разгорнутай сеткі з начальнікаў аднаго вытворчага аб'яднання ў складзе ўчастковых камісіяў акругі ніяк не назавеш выпадковым. Не здзівіць, калі высветліцца, што менавіта гэтыя людзі ўзначальваюць УВК. І "місія" іх зразумелая: забяспечыць удалае завяршэнне кампаніі па вылучэнні ў дэпутаты прэтэндэнта ад улады па Кастрычніцкай акрузе Казлова А.М., які займае пасаду намесніка генеральнага дырэктара па працы з персаналам НВА "Інтэграл". Нагадаем, што актыўныя, але незаконныя намаганні каманды Казлова мы неаднаразова адзначалі ў сваіх папярэдніх паведамленнях.
Зразумела, што прыведзеныя "знаходкі" не з'яўляюцца адзінкавымі па сталіцы. Калі б мясцовым уладам не было чаго ўтойваць, звесткі пра сябраў камісіяў падаваліся б у пашыраным фармаце.
“Правабаронцы за свабодныя выбары”