Выйшаў рэгіянальны бюлетэнь "Выбары-2008"
Яго аўтары – незалежныя журналісты і праваабаронцы Гомельшчыны. Бюлетэнь бясплатна распаўсюджваецца сярод насельніцтва.
Галоўны матэрыял выпуску – "Паляванне на подпісы". У ім распавядаецца пра тое, як прайшоў збор подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, пра выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу за кандыдатаў ад улады”.
Артыкул Барыса Асадчага са Светлагорскага раёна "Краіна без выбараў" надрукаваны ў рубрыцы “Меркаванне”. "Беларусь – гэта краіна, дзе апошнія 100 гадоў – цэлы век, чатыры пакаленні людзей! – не было і няма свабодных і чэсных выбараў у парламент", – лічыць аўтар.
Бюлетэнь выдадзены ў рамках кампаніі "Праваабаронцы – за свабодныя выбары" і асвятляе ход выбарчай кампаніі ў пяці выбарчых акругах: Жлобінскай (асноўная тэрыторыя Жлобінскага раёна), Рагачоўскай (Кармянскі, Рагачоўскі і частка Жлобінскага раёна), Светлагорскай (Светлагорскі р-н), Рэчыцкай (асноўная тэрыторыя Рэчыцкага раёна), Хойніцкай (Брагінскі, Лоеўскі, Хойніцкі і частка Рэчыцкага раёна). Гэта – болей за трэць вобласці па тэрыторыі.