Зняважаныя і абражаныя: дык у чым жа абвінавачваюць Сяргея Салаша?
Сёння, 27 жніўня, у 10 раніцы сябра БНФ Сяргей Салаш, які падаў у Барысаўскі райвыканкам заяву аб рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Барысаўскай сельскай акрузе №63 шляхам збору подпісаў грамадзян, наведаў упраўленне ўнутраных спраў Барысаўскага райвыканкама. Высветлілася, што яму інкрымінуюць здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння, якое падпадае пад артыкул 9.2 КаАП РБ "Паклёп".
Намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Валянціна Шутко і бібліятэкар сярэдняй школы №11 Таццяна Стасава, якая зараз выконвае абавязкі сакратара акруговай выбарчай камісіі №62, абвінавацілі Сяргея Салаша ў тым, што ён 4 жніўня ў 15.30 у прыёмнай старшыні Барысаўскага савета дэпутатаў Васіля Баранніка - у дадзены момант старшыні акруговай выбарчай камісіі №62, -распаўсюджваў загадзя ілжывыя, ганьбавалыя звесткі пра грамадзянак Шутко і Стасаву.
Сутнасць гэтых звестках, па версіі Шутко і Стасавай, кожная з якіх напісала заяву ў РУУС, зводзіцца да таго, што Салаш назваў іх абедзвюх "фальсіфікатарамі выбараў", паведамляюць "Праваабаронцы за вольныя выбары". Сведкавыя паказанні, якія пацвярджаюць іх версію, гатовыя даць галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкама В. Малеін і спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Барысаўскага райвыканкама О. Данская.
Па словах Сяргея Салаша, у паказаны час ён сапраўды быў у будынку Барысаўскага райвыканкама для таго, каб заверыць подпісы грамадзян, сабраныя Аляксандрам Мілінкевічам у яго падтрымку, аднак нічога падобнага ў адрас грамадзянак Шутко і Стасавай не казаў. Сяргея Салаша суправаджалі кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Алег Мацкевіч, лідэр аргкамітэта руху "За Волю" Аляксандр Мілінкевіч і журналісты.
Сяргей Салаш мае намер запрасіць іх у якасці сведак на судовае паседжанне, якое павінна адбыцца ў пачатку верасня.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"