Віцебск: Для рэгістрацыі кандыдатаў ад улады ствараліся адмысловыя ўмовы
Па ўсім відаць, акруговым камісіям у Віцебску паступіла каманда: кандыдатаў ад улады разглядаць у адсутнасць назіральнікаў і журналістаў.
Паседжанне акруговай выбарчай камісіі Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акругі №17 пачалося на паўгадзіны раней прызначанага тэрміна. Камісію збіралі ў аўральным парадку. Прыйшлі толькі дзевяць чалавек з 13-ці. Затое на паседжанні прысутнічаў прадстаўнік адміністрацыі Першамайскага раёна (начальнік аддзела Шлюпакоў), які неаднаразова ўмешваўся і даваў указанні намесніку старшыні акруговай камісіі, якая вялай паседжанне (старшыні на дадзеным паседжанні не было).
Паседжанне праводзілася без зарэгістраваных у камісіі назіральнікаў і журналістаў. Прысутнасць журналіста Шчукіна на дадзеным паседжанні - выпадковасць (прыбыў за гадзіну да абвешчанага часу).
На аўральна распачатым паседжанні разглядалі пытанне рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты старшыні Віцебскага гарадскога Савета Генадзя Грыцкевіча. Акруговая камісія выявіла ўсяго тры недакладных подпісы (1,5 адсотка) з прадстаўленых 1288. Абвешчана было таксама, што пратаколы вылучэння Грыцкевіча кандыдатам у дэпутаты аформленыя правільна. Якія менавіта калектывы вылучалі старшыню гарсавета, на паседжанні камісіі так і не прагучала.
Рэгістрацыю астатніх прэтэндэнтаў камісія разглядала ў абвешчаны напярэдадні час (пасля 45-хвіліннага перапынку). Колькасць прысутных сяброў камісіі за гэты перыяд павялічылася да 11 чалавек.
"Таемную" рэгістрацыю кандыдатаў ад улады праводзілі і іншыя камісіі. У прыватнасці, камісія па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18. Раней абвешчанага часу паседжання, у адсутнасць назіральнікаў і журналістаў, быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Віктар Аўчыннікаў – галоўны доктар абласной бальніцы.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"