Алесь Анціпенка: «Калі нічога не адбываецца, можна ствараць толькі жоўтую прэсу»
Сёння ў офісе ГА «БАЖ» адбылася чарговая прэс-канферэнцыя, што тычылася выхаду ў свет чацвертага нумару бюлетэню «Асвятленне парламенцкіх выбараў 2008 года ў беларускіх СМІ». Як адзначыў падчас сустрэчы з журналістамі медыя-эксперт, сябра Рады БАЖ Алесь Анціпенка, у сродках масавай інфармацыі знізіўся інтарэс да выбарчай кампаніі. У гутарцы з прэс-службай БАЖ эксперт распавёў, з якіх прычын, на ягоную думку, журналісты перасталі пісаць пра выбары.
БАЖ:— Спадар Анціпека, падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі Вы неаднаразова вярталіся да тэмы «згубленай цікавасці» да выбараў з боку сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў. Калі нешта згубілася, гэта азначае, што напачатку выбарчай кампаніі гэтая цікавасць была?
Алесь Анціпенка (А.А.):— Калі памятаеце, напачатку была пэўная інтрыга, якую задалі дзве асобы — прэзідэнт краіны і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яны публічна заявілі пра змены ў клімаце выбарчай кампаніі. Было падкрэслена, што выбары мусяць адбыцца адкрыта і дэмакратычна. І наш маніторынг адразу зафіксаваў рост цікавасці да выбарчай кампаніі з боку прадстаўнікоў Еўразвязу, з боку нашых еўрапейскіх суседзяў. Заяўлялася, што гэтыя парламенцкія выбары стануць сваеасаблівым тэстам для беларускіх уладаў — наколькі яны гатовыя ісці ў накірунку лібералізацыі, наколькі гатовыя ісці на саступкі. Вось гэта і падагравала цікавасць да выбарчай кампаніі з боку журналістаў. На мае разуменне, зараз гэтая рыторыка фактычна засталася на другім плане, бо нічога новага за гэты час не адбылося. Фактычна ўсё ўвайшло ў рэчышча традыцыйных чаканняў: выбары, хутчэй за ўсё, адбудуцца паводле старой схемы. І наш маніторынг адзначае, што ў асвятленні выбарчай кампаніі ў дзяржаўных медыя дамінуюць старыя схемы: гэтай тэме не надаецца значная ўвага, выбарчы працэс асвятляецца паводле надзвычай спрошчанай схемы (галоўныя дзеючыя асобы — ЦВК і прэзідэнт). Ідэя выбараў зводзіцца да тэхнічных працэдур. Фактычна журналісты не бачаць ніякага спаборніцтва, не адчуваюць, што гэтыя выбары будуць выбарамі на платформе шырокай канкурэнцыі паміж рознымі праграмамі.
БАЖ:— Тобок «старыя схемы» працы журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі звязаныя з тымі ж «старымі схемамі», якія выкарыстоўвае дзяржава падчас гэтых парламенцкіх выбараў?
А.А.:— Зразумела! У чарговы раз, прызначыўшы час у СМІ для перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у дэпутаты на так званы «мёртвы сезон», калі людзі знаходзяцца ў грамадскім транспарце ці ў крамах, дзе няма тэлевізіі, фактычна ўлада пачала працаваць па той жа старой схеме — мінімізаваць цікавасць да выбарчага працэсу, пакінуць выбарцаў па-за інтрыгай канкурэнтнай барацьбы паміж кандыдамі. Зразумела, што медыя і журналісты адрэагавалі адпаведным чынам: яны папросту пачынаюць страчваць цікавасць да таго, што ўжо некалькі разоў мелі магчымасць бачыць і чуць.
БАЖ:— Ці адрозніваецца падыход да асвятлення гэтай выбарчай кампаніі з боку недзяржаўных медыяў ад падыходу дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ад працы недаржаўных СМІ падчас папярэдніх выбарчых кампаній?
А.А.:— Падыход недзяржаўных медыя да асвятлення гэтай выбарчай кампаніі, безумоўна, адрозніваецца. Журналісты недзяржаўных медыя значна больш цікавяцца выбарчым працэсам, бо адчуваюць перад сваімі чытачамі, патэнцыйнымі выбарцамі, абавязак паінфармаваць іх пра тое, што адбываецца, каб выбарцы маглі зрабіць усвядомлены і збалансаваны выбар. Бо гэта адзін з абавязкаў дэмакратычных медыяў. Мы канстатуем, што ў гэтым сэнсе журналісты недзяржаўных медыя значна бліжэй да тых патрабаванняў і стандартаў, якія існуюць у дэмакратычным грамадстве.
БАЖ:— Але, ці ўсё так добра «ў каралеўстве Дацкім»? Няўжо недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі на Беларусі і незалежныя журналісты выкладваюцца на ўсе 100% у гэтай выбарчай кампаніі?
А.А.:— Канешне не, але, паколькі ў нас няма напружанай канкурэнтнай барацьбы, то журналісты трапляюць у сітуацыю, калі фактычна не маюць падставаў, каб пісаць аб выбарах цікава. Бо калі штосьці цікавае адбываецца ў грамадстве, а журналісты пра гэта не пішуць, то тут іх можна вінаваціць, што не спраўляюцца са сваімі прафесійнымі абавязкамі. А калі нічога не адбываецца, можна ствараць толькі жоўтую прэсу, пісаць пра скандалы, займацца трансляцыяй плётак. Так адбываецца, калі журналістаў ізалююць ад грамадства і падзеяў.
БАЖ: — Што вы маеце на ўвазе, гаворачы пра ізаляцыю журналістаў? Падаецца, у Беларусі журналісты заўсёды ў цэнтры падзеяў.
А.А.:— Ізаляваць, а па сутнасць дыскваліфікаваць, журналіста — гэта змясціць яго ў аўтарытарнае ці таталітарнае грамадства, дзе голас чалавека, як пісаў Уладзімір Маякоўскі, «тоньше писка». Што ў такіх умовах можа «піскнуць» журналіст? А калі і«піскне», то можа застацца без галавы ці без рук. Таму нельга чакаць жывой журналісцкай працы ад журналіста, калі яго змясціць у кантэкст аўтарытарнага ці таталітарнага грамадства. У такой сітуацыі прафесія журналіста ператвараецца ў нешта такое, што праграмуе яго на «геройскія ўчынкі», але гэта ненатуральна, бо мы – таксама звычайныя людзі. Чаму журналісты мусяць быць героямі, а астанія — не?…
Асвятленне парламенцкіх выбараў 2008 г. у беларускіх СМІ. Бюлетэнь №3
(21 ліпеня – 31 ліпеня 2008 г.)
Асвятленне перадвыбарчай сітуацыі ў беларускіх медыях. Бюлетэнь №1
(1 сакавіка – 1 ліпеня 2008 г.)