viasna on patreon

Улады забаранілі мітынг у падтрымку захавання тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі

2008 2008-08-28T16:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт забараніў правядзенне 31 жніўня ў цэнтры сталіцы мітынга супраць ваенных дзеянняў у падтрымку захавання тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі. Заяўку на правядзенне 31 жніўня ў цэнтры Мінска акцыі супраць ваенных дзеянняў у падтрымку захавання тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі падавалі актывісты моладзевага крыла Беларускага народнага фронту.

 

Як адзначыў у інтэрвью DW-RADIO адзін з заяўнікаў, актывіст “Моладзі БНФ” Франак Вячорка, адказ быў прадказальны. "Нам адмовілі ў правядзенні мітынгу на Плошчы Якуба Коласа а 12-й гадзіне, не прапанаваўшы ніякіх альтэрнатыўных варыянтаў для месца збору. Фармальнай прычынай адмовы было тое, што плошча знаходзіцца блізка да лініі метро, што забаронена паводле закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў".

 

Неафіцыйны адказ, на думку актывіста – тое, што ўлады баяцца займаць тую ці іншую пазіцыю ў дачыненні да грузінскай праблемы. "Лукашэнка некалькі тыдняў адмоўчваецца і не займае ані бок Расіі, ані бок сусветнае супольнасці. Я думаю, наш бы мітынг выказаўся адназначна на карысць захавання тэрытарыяльнае цэласнасці Грузіі".

 

Гэта яшчэ адзін паказнік таго, мяркуе Франак Вячорка, што ніякай лібералізацыі ў краіне няма, і ўсе назіральнікі ад АБСЕ і Еўразвяз павінны разумець гэта. "Мы будзем звяртацца ў Мінгарвыканкам з патрабаваннем прадаставіць нам альтэрнатыўнае месца збору. Тым больш, што пачалася выбарчая кампанія, і гэта будзе добрая нагода кандыдатам выступіць перад сваімі выбарнікамі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства