viasna on patreon

Жанна ЛIТВIНА: «Сёння беларускiя сродкi масавай iнфармацыi не могуць збiраць i даносiць iнфармацыю да выбаршчыкаў...»

2008 2008-08-29T17:15:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На мiнулым тыднi Мiнск наведаў памочнiк намеснiка дзяржсакратара ЗША ў справах Еўропы i Еўразii Дэвiд Меркель. Ён правёў шэраг сустрэч з прадстаўнiкамi афiцыйнай улады, апазiцыi, грамадскiх арганiзацый.

У Адмiнiстрацыi прэзiдэнта i ў амбасадзе ЗША вынiкi гэтых сустрэч не каментуюць. Мiнiстэрства замежных спраў абмежавалася наступным паведамленнем: "Бакi абмеркавалi шляхi i крокi да паляпшэння стасункаў." Але нават такая скупая iнфармацыя сведчыць, што беларуска-амерыканскiя кансультацыі пачалiся…

Дэвiд Меркель у iнтэрв'ю журналiстам заявiў, што маючыя адбыцца выбары ў Беларусi вельмi важныя: "Калi ўлады створаць спрыяльныя ўмовы: i кандыдаты, i выбаршчыкі змогуць прымаць удзел у выбарах, гэта будзе крокам да паляпшэння стасункаў".

Спадар Меркель адзначыў, што амерыканскi бок будзе сачыць за ходам выбарчай кампанii: за рэгiстрацыяй кандыдатаў, за ўмовамi iх доступу да выбаршчыкаў, складам выбаршчыкі. Таксама амерыканскi бок клапоцiцца станам здароўя зняволенага ў Беларусi грамадзянiна ЗША Эмануiла Зельцэра. Спадар Меркель заявiў, што амерыканскi бок пасля вызвалення палiтвязняў будзе вiтаць iншыя крокi афiцыйнага Мiнска.

Былы намеснiк мiнiстра замежных спраў Андрэй Саннiкаў лiчыць вiзiт Дэвiда Меркеля вельмi важным для Беларусi.

"Падчас сустрэчы гаварылася пра небяспеку прызнання беларускага рэжыму ў яго iснуючым выглядзе, — расказаў Саннiкаў прэс-цэнтру Хартыi-97. — Гэта закансервуе альбо нават пагоршыць сiтуацыю ў Беларусi. Большасць удзельнiкаў сустрэчы з Меркелем адзначалi прынцыповую i паслядоўную пазiцыю ЗША па пытаннях захавання правоў чалавека. На мой погляд, ЗША адыгралi вядучую ролю ў вызваленнi беларускiх палiтзняволеных.”

У Амерыкi ёсць спадзяваннi, што ў Беларусi магчыма нейкая дэмакратызацыя, што на нейкiя крокi будзе зроблена паляпшэнне клiмату на выбарах, — так лiчыць палiтык Мiкола Статкевiч.

"Акрамя таго, Амерыка хацела б, безумоўна, аднавiць дзейнасць сваёй амбасады, — казаў Статкевiч журналiстам пасля сустрэчы з Меркелем. — I таму калi ўлада адпусцiла палiтвязняў, адразу скарысталi гэту магчымасць, каб знiзiць напружанасць у адносiнах. Але спадзяваннi на тое, што выбары будуць выбарамi хоць у невялiкай ступенi — абсалютна марныя. Але ў любым выпадку такiя кантакты — гэта добра для ўлады. Бо гэта дае магчымасць прыбраць эканамiчныя санкцыi. I самае галоўнае — гэта выдатны козыр на перамовах з Расіяй. Улада атрымала выдатны шанс, дзякуючы гэтаму вiзіту, паменшыць кошт на газ на наступны год".

"Разлiчваць на нейкiя прынцыповыя зрухi ў бок дэмакратызацыi не даводзiцца, пакуль не будзе зменена палiтыка ўлад у дачыненнi да СМI". Такую думку выказала старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналiстаў" Жанна Лiтвiна ў час сустрэчы з намеснiкам памочнiка дзяржаўнага сакратара ЗША ў справах Еўропы i Еўразii Дэвiдам Меркелем.

"Была агучана тэза пра тое, што, на жаль, сёння беларускiя сродкi масавай iнфармацыi не могуць у поўнай меры выконваць свайго канстытуцыйнага прызначэння — збiраць i даносiць iнфармацыю да выбаршчыкаў, — зазначыла старшыня БАЖ. — Сiтуацыя не зменiцца прынцыпова, пакуль будзе iснаваць дзяржаўная прэса, якую прымушаюць выконваць прапагандысцкую функцыю, а ў дачыненнi да недзяржаўнай будзе ажыццяўляцца палiтыка эканамiчнай дыскрымiнацыi".

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, Дэвiда Меркеля праiнфармавалi пра праблемы, якiя iснуюць у недзяржаўных СМI з распаўсюджваннем i друкаваннем у Беларусi. Акрамя таго, яго азнаёмiлi з прамежкавымi вынiкамi манiторынгу асвятлення выбарчай кампанii ў СМI. З iх, нагадаем, вынiкае, што тэма выбараў не з'яўляецца для дзяржаўных медыя прыярытэтнай, а ў якасцi асноўных суб'ектаў выбарчага працэсу ў iх матэрыялах выступаюць ЦВК i кiраўнiк дзяржавы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства