Сяргей Скрабец – за кратамі, на яго заведзеная крымінальная справа
Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец другі дзень застаецца за кратамі. Сяргея Скрабца — кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня — затрымалі 15 траўня ў Менску і адразу перавезьлі ў Берасьце. Берасьцейская пракуратура распачала крымінальную справу супраць Сяргея Скрабца.
Крымінальная справа распачатая паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і даваньне хабару.
Міліцыя нібыта мае матэрыялы пра тое, што Сяргей Скрабец падбухторваў беспрацоўнага жыхара Бярозы даць хабар 30 тысяч даляраў ЗША супрацоўнікам абласных пракуратуры і суду. За гэтыя грошы быццам бы абяцалі вынесьці апраўдальны прысуд жыхару вёскі Гальшаны Столінскага раёну, які асуджаны на 24 гады за бандытызм ды іншыя злачынствы.
Дэпутат з групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў засяродзіў маю ўвагу на пэўным падабенстве ў справах Сяргея Скрабца і Міхаіла Марыніча: “Існуе заказ уладаў, якія любым спосабам, а гэта ўжо ня першы выпадак, знаходзяць магчымасьць актыўных людзей пасадзіць за краты. Прычым, што сымптаматычна. Мы зь Міхаілам Марынічам некалькі разоў зьезьдзілі ў Маскву, і на наступны дзень пасьля адной з паездак яго арыштавалі. Са Скрабцом мы толькі ў суботу вярнуліся з Масквы, а ў нядзелю яго арыштавалі”.
Сяргей Скрабец да абраньня дэпутатам кіраваў Гандлёвым домам “БелБабаеўскі”. Скрабец абвінавачваўся ў незаконным атрыманьні крэдытаў ад дзяржавы. У кастрычніку мінулага году ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай даць яму палітычны прытулак. Аднак станоўчага адказу ён не атрымаў. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што праваахоўчыя органы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў для фінансваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
Як паведаміла мне ў другой палове дня 16 траўня супрацоўніца прэсавай службы Пракуратуры Беларусі Антаніна Літвінчук, экс-дэпутату Сяргею Скрабцу вызначылі меру стрыманьня -- утрыманьне пад вартай. (паводле Радыё Свабода)