viasna on patreon

Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна”: Беларускія ўлады выкарыстоўваюць правакацыйныя метады барацьбы з палітычнымі апанентамі

2005 2005-05-17T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвяртае ўвагу беларускай і міжнароднай грамадзкасьці на тое, што ў апошні месяц у Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі.

Па відавочна надуманых уладамі падставах за кратамі знаходзяцца палітычныя дзеячы і актывісты грамадзянскай супольнасьці.

15 траўня 2005 года супрацоўнікамі міліцыі быў арыштаваны і зьмешчаны пад варту ў СІЗА г. Брэста Сяргей Скрабец -- былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, адзін з сябраў парламенцкай групы “Рэспубліка”, які зьяўляўся актыўным апанентам сёньняшняй улады.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць арышт Сяргея Скрабца палітычна-матываваным, зьвязаным з ягонай грамадзка-палітычнай і дэпутацкай дзейнасьцю.

Знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі асуджаныя за абразу прэзідэнта лідэры прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі і Аляксандр Васільеў, а таксама экс-міністар зьнешнеэканамічных стасункаў, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, Міхаіл Марыніч.

Утрымліваецца ў калоніі асуджаны за сваю грамадзкую пазіцыю па праблемах Чарнобыля прафесар Юры Бандажэўскі, якому адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.

Стан здароўя зьняволеных за час знаходжаньня ў месцах пазбаўленньня волі значна пагоршыўся, існуе рэальная пагроза для іхняга жыцьця .

За арганізацыю мірнай акцыі пратэсту 25 сакавіка 2005 г. працягвае знаходзіцца пад вартай у СІЗА г. Мінска дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га ськліканьня, грамадзка-палітычны дзеяч Андрэй Клімаў.

За ажыцьцяўленьне свайго законнага права на свабоду мірных сходаў і дэманстрацыяў, за выказваньне грамадзкага пратэсту супраць вынікаў неканстытуцыйнага і сфальсіфікаванага рэферэндуму, перад судом у хуткім часе паўстануць Павал Севярынец і Мікола Статкевіч.

Выклікае занепакоенасьць тое, што дзяржаўнае тэлебачаньне працягвае праводзіць спланаваную ўладамі брудную, хлусьлівую прапагандысцкую кампанію супраць апанентаў рэжыму, ствараюць у грамадзтве сітуацыю страху і напружанасьці, гэтым самым рыхтуючы глебу для чарговых рэпрэсіяў.

Адной з апошніх правакацыйных заяваў, распаўсюджаных тэлебачаньнем, стала інфармацыя пра тое, што актывісты апазыцыі нібыта маюць дачынэньне да ўвозу на тэрыторыю краіны арсеналаў зброі і боепрыпасаў.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе вызваліць усіх палітычных зьняволеных у Беларусі, а таксама спыніць інфармацыйную істэрыю, накіраваную супраць беларускай дэмакратычнай апазіцыі і суседніх краінаў.

Прынята Радай Праваабарончага цэнтру “Вясна” 17 траўня 2005 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства