viasna on patreon

ЦВК пачне разгляд скаргаў з 3-га верасня

2008 2008-09-02T09:36:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

ЦВК Беларусі на пасяджэнні 3 верасня пачне разгляд скаргаў на адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.

На першым пасяджэнні будуць абмяркоўвацца звароты прэтэндэнтаў на дэпутацкія крэслы, якія вылучаліся па ўсіх шасці абласцях Беларусі, акрамя горада Мінска. Заявы незарэгістраваных кандыдатаў, якія балаціруюцца па Мінску, Цэнтрвыбаркам разгледзіць 4 верасня.

Паводле слоў Мікалая Лазавіка, на гэты момант у Цэнтральную камісію паступіла 46 скаргаў на адмову ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты акруговымі выбаркамамі. Яшчэ некалькі такіх зваротаў можа прыйсці па пошце пазней.

"Найбольш распаўсюджаныя прычыны адмовы ў рэгістрацыі, якія аспрэчваюцца заяўнікамі, - гэта парушэнне парадку збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэнца, выяўленне ў падпісных лістах 15 працэнтаў несапраўдных подпісаў ад колькасці правераных", - адзначыў сакратар ЦВК. Акрамя таго, аспрэчваюцца такія падставы, як факт адсутнасці ў акрузе арганізацыйных структур палітычных партый, якія вылучылі сваіх прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, неправамоцнасць канферэнцый працоўных калектываў.

"Некаторыя лічаць, што неадзначаныя ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці транспартныя сродкі, зямельныя ўчасткі, грашовыя сродкі з'яўляюцца неістотнымі недахопамі", - дадаў субяседнік.

"Папярэдняе вывучэнне скаргаў сведчыць, што часам заяўнікі маюць рацыю і памыляцца могуць не толькі вылучэнцы, але і акруговыя камісіі", - адзначыў сакратар Цэнтрвыбаркама. На яго думку, у некаторых прэтэндэнтаў ёсць шансы быць зарэгістраванымі, калі ЦВК палічыць недастаткова важкімі прычыны для атрыманых імі адмоў. Такім чынам, колькасць кандыдатаў у дэпутаты парламента можа павялічыцца пасля разгляду атрыманых скаргаў.

Нагадаем, што з 365 жадаючых балаціравацца ў Палату прадстаўнікоў рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў прайшлі 276 чалавек. У ніжняй палаце беларускага парламента налічваецца 110 месц, паведамляе БЕЛТА

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства