Жлобін: сцэнар з "запасным" кандыдатам не атрымаўся
Уладзімір Батан і Валерый Рыбчанка зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты. Першага з іх лічаць праўладным, другога – дэмакратычным.
– У камісію былі прадстаўлены дакументы на трох кандыдатаў: Уладзіміра Батана, Валерыя Рыбчанку і Аляксандра Савасцеенку. Усе вылучаліся шляхам збору подпісаў, а для Батана правялі таксама сход сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Бабоўскі", – распавёў Марат Афанасьеў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Які быў у ліку трох мясцовых назіральнікаў на паседжанні камісіі.
Жлобінскія дэмакраты лічаць юрыста швэйнай фабрыкі А.Савасцеенку "запасной" кандыдатурай для таго, каб не рэгістраваць Рыбчанку, які з’яўляецца канкурэнтам Батана. Аднак выйшла па-іншаму.
– Савасцеенку не зарэгістравалі. Колькасць несапраўдных подпісаў за яго перавысіла 15-працэнтную норму, – паведаміў М.Афанасьеў.
У.Батан – начальнік цеху ремонта металургічнага абсталявання Беларускага металургічнага завода. В.Рыбчанка раней таксама працаваў на гэтым заводзе, але быў звольнены пасля таго, як адмовіўся зняць сваю кандыдатуру на папярэдніх выбарах. Цяпер працуе дырэктарам рэгіянальнай праграмы грамадскага аб’яднання фонда садзеяння інтэграцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі "Разам".